БЕЛ Ł РУС

У Лоеве дзяўчына забаўлялася, страляючы па машыне суседа

12.03.2026 / 16:30

Nashaniva.com

У Лоеве 21‑гадовую дзяўчыну будуць судзіць за стральбу па машыне суседа. Пра інцыдэнт паведамілі ў Следчым камітэце па Гомельскай вобласці.

Фота: Следчы камітэт

Паводле матэрыялаў следства, увечары 6 лютага дзяўчына вярнулася дадому пасля працы і вырашыла патрэніравацца ў стральбе. Яна ўзяла пнеўматычны пісталет і з балкона сваёй кватэры не менш за пяць разоў стрэліла ў бок аўтамабіля Opel, які стаяў на паркоўцы і належаў яе суседу.

На наступную раніцу ўладальнік машыны заўважыў на лабавым шкле тры круглыя пашкоджанні. Калі ён ачысціў аўтамабіль ад снегу, то знайшоў яшчэ два падобныя пашкоджанні на даху і выклікаў міліцыю.

Увечары таго ж дня дзяўчына прыйшла да суседа з павіннай. Яна прызналася, што страляла па машыне, сказала, што не падумала пра наступствы, і кампенсавала шкоду — заплаціла 630 рублёў.

Нягледзячы на гэта, у дачыненні да яе распачалі крымінальную справу. Яе абвінавачваюць у хуліганстве — наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і суправаджаюцца пашкоджаннем чужой маёмасці. Справа будзе разгледжана ў судзе.

Чытайце таксама:

Мінчук распыліў балончык у бок дзяўчат, што спявалі расійскі хіт «Матушка-зямля»

Падлетак з Барысава паехаў да сястры ў Мінск, і гэта шмат каштавала ягоным бацькам

У Пінску мужчына пракалоў колы ў машыны суседа, бо той заняў расчышчанае ім месца на паркоўцы

Каментары да артыкула