БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская прызначыла Мікалая Казлова на пасаду ў Аб'яднаным пераходным кабінеце

13.03.2026 / 23:28

Nashaniva.com

Святлана Ціханоўская прызначыла Мікалая Казлова на пасаду прадстаўніка па аднаўленні правапарадку Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Рашэнне прынята на падставе рэкамендацый Каардынацыйнай рады, у адпаведнасці з працэдурай, паведаміла прэс-служба палітыка.

Мікалай Казлоў на сустрэчы з беларускай дыяспарай. Брусель, Бельгія. 18 кастрычніка 2025 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

31 студзеня 2026 года кіраўніца АПКБ накіравала ў Раду прапанову па кандыдаце на пасаду прадстаўніка па аднаўленні правапарадку.

«Лічу, што ягоны багаты прафесійны досвед у галіне правааховы і ў грамадска-палітычнай дзейнасці, аўтарытэт сярод профільных арганізацый, а таксама асабістыя якасці дазволяць яму эфектыўна выконваць абавязкі на гэтай пасадзе», — пісала Святлана Ціханоўская пра Мікалая Казлова ў лісце ў Каардынацыйную раду.

12 сакавіка Каардынацыйная рада дала згоду на яго прызначэнне. 

Пасада прадстаўніка па аднаўленні правапарадку Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі была вакантная з 9 жніўня 2023 года, калі яе пакінуў Аляксандр Азараў. 

Мікалаю Казлову — 59 гадоў, ён 17 гадоў займаў пасаду старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах УУС Цэнтральнага раёна Мінска, меў званне падпалкоўніка міліцыі запасу.

У 2008 годзе падчас парламенцкіх выбараў Казлоў публічна заявіў пра фальсіфікацыі на выбарчым участку, пасля чаго напісаў рапарт начальству і паведаміў пра інцыдэнт незалежным СМІ. Неўзабаве пасля гэтага ён пайшоў у запас.

У 2012 годзе Мікалай Казлоў уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, а ў 2016 годзе быў абраны намеснікам старшыні АГП. У 2021 годзе яго пазбавілі спецыяльнага рангу падпалкоўніка міліцыі запасу.

Казлова двойчы асуджалі паводле палітычна матываваных спраў, ён быў прызнаны палітвязнем. У жніўні 2021 года ён атрымаў тры месяцы арышту, а ў лістападзе 2022‑га — два з паловай гады пазбаўлення волі за нібыта ўдзел у «масавых беспарадках». Падчас зняволення неаднаразова змяшчаўся ў карцар і ПКТ, меў праблемы са здароўем, яго не адпусцілі на пахаванне маці.

На волю Мікалай Казлоў выйшаў 22 ліпеня 2024 года, у кастрычніку 2025 года ён выехаў з Беларусі.

Чытайце таксама:

Ціханоўская выпадкова перасяклася ў дарозе са спеваком Бі-2 ФОТАФАКТ

Ціханоўская сустрэлася з Мелоні

Ціханоўская, магчыма, адзначыць Дзень Волі ў Кіеве

Пазняк: Ціханоўскія і Бабарыкі — абсалютнае нішто. У іх усё на чужыя грошы, ад губной памады да шкарпэтак

Каментары да артыкула