БЕЛ Ł РУС

Памёр філосаф Юрген Хабермас

14.03.2026 / 17:50

Nashaniva.com

Нямецкі філосаф і сацыёлаг Юрген Хабермас памёр ва ўзросце 96 гадоў. Пра гэта паведаміў выдавецкі дом Suhrkamp. Паводле яго даных, вучоны памёр сёння ў баварскім горадзе Штарнбергу, піша Bild.

Юрген Хабермас

Юрген Хабермас лічыўся адным з самых уплывовых мысляроў сучаснай Германіі і на працягу дзесяцігоддзяў удзельнічаў у ключавых грамадскіх і палітычных дыскусіях.

Ён быў прадстаўніком другога пакалення Франкфуртскай школы і адным з галоўных тэарэтыкаў так званай крытычнай тэорыі. Найбольшую вядомасць яму прынесла праца «Тэорыя камунікатыўнага дзеяння», апублікаваная ў 1981 годзе, у якой ён развіваў ідэі пра ролю рацыянальнага дыялогу ў дэмакратычным грамадстве.

Хабермас выкладаў у шэрагу ўніверсітэтаў Германіі і ЗША, а яго работы аказалі ўплыў на філасофію, сацыялогію і палітычную тэорыю другой паловы XX і пачатку XXI стагоддзя.

У апошнія гады жыцця Хабермас неаднаразова крытыкаваў палітыку Захаду, скіраваную на даванне рашучага адпору Пуціну ва Украіне. Яшчэ ў красавіку 2022 года ён падтрымліваў асцярожную пазіцыю канцлера Олафа Шольца ў пытанні паставак Украіне зброі. Пазней ён таксама далучыўся да заклікаў не перадаваць Кіеву цяжкае ўзбраенне. Замест гэтага ён лічыў патрэбным весці з Расіяй перамовы. 

У той жа час у снежні 2020 года Юрген Хабермас у рамках праекта салідарнасці з палітычнымі зняволенымі «100хSolidarität» Евангелічнай царквы ў Германіі і Нямецкага таварыства даследаванняў Усходняй Еўропы (DGO) у супрацоўніцтве з беларускай праваабарончай арганізацыяй «Вясна» стаў «хросным» палітзняволенай Кацярыны Андрэевай, якая дагэтуль знаходзіцца ў калоніі.

Чытайце таксама:

Памёр пісьменнік-фантаст Дэн Сіманс

Амерыканскі акцёр Эрык Дэйн памёр ва ўзросце 53 гадоў

У 39 гадоў памёр саліст гурта Shortparis

Памерла Ана Мердак Ман, былая жонка медыямагната і прататып гераіні «Спадкаемцаў»

Каментары да артыкула