Марыі Калеснікавай уручылі прэмію Карла Вялікага
Былой палітзняволенай Марыі Калеснікавай у нямецкім горадзе Ахен урачыста ўручылі Міжнародную прэмію імя Карла Вялікага. Гэтую ўзнагароду ёй прысудзілі яшчэ ў 2022 годзе, калі яна знаходзілася ў зняволенні ў Беларусі. Таму тады на цырымоніі яе прадстаўляла сястра Таццяна Хоміч, а сёння Калеснікава атрымала яе асабіста, піша Deutsche Welle.
Марыя Калеснікава 13 лютага 2026 года. Фота: Kay Nietfeld picture alliance via Getty Images
Калеснікава адзначыла, што навіна пра прысуджэнне прэміі ў той час стала для яе важным знакам падтрымкі і салідарнасці.
Паводле кіраўніка аргкамітэта прэміі, нямецкага палітыка Арміна Лашэта, магчымасць сёння вітаць былую беларускую палітзняволеную ў Ахене — гэта моцны сігнал для ўсіх, хто выступае за свабоду і дэмакратыю ў Еўропе.
Міжнародная прэмія імя Карла Вялікага лічыцца адной з найбольш прэстыжных еўрапейскіх узнагарод. Яе з 1950 года ўручаюць людзям і арганізацыям за значны ўклад у развіццё і аб’яднанне Еўропы. Сярод лаўрэатаў у розныя гады былі вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы.
У 2022 годзе гэтай прэміяй узнагародзілі лідарак беларускай апазіцыі у 2020 годзе Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікаву і Вераніку Цапкалу за іх прыклад барацьбы супраць аўтарытарызму і за дэмакратычныя перамены.
Марыю Калеснікаву затрымалі ў Мінску ў верасні 2020 года, а ў 2021‑м асудзілі на 11 гадоў калоніі. У снежні 2025 года яна выйшла на волю, была разам з іншымі вязнямі выдвараная з краіны і цяпер жыве ў Германіі.