БЕЛ Ł РУС

Міністр замежных спраў Ірана: Армузскі праліў закрыты толькі для ворагаў, астатнія могуць праходзіць

14.03.2026 / 22:42

Nashaniva.com

Міністр замежных спраў Ірана Абас Арагчы ў інтэрв’ю амерыканскаму ліберальнаму тэлеканалу Ms Now расказаў пра сітуацыю ў краіне і вакол Армузскага праліва.

Абас Арагчы. Фота: AP Photo / Khaled Elfiqi

Абас Арагчы заявіў, што ў новага вярхоўнага лідара Ірана Маджтабы Хаменеі нібыта няма ніякіх праблем са здароўем, нягледзячы на чуткі пра яго раненне. Паводле слоў міністра, кіраўнік дзяржавы працягвае выконваць свае абавязкі і будзе рабіць гэта далей.

Гаворачы пра Армузскі праліў, Арагчы адзначыў, што гэты важны марскі шлях у цэлым застаецца адкрытым для суднаходства. Аднак іранскія ўлады не дазваляюць праход праз яго танкерам і суднам тых краін, якія лічаць варожымі. Для астатніх караблёў, па яго словах, рух праз праліў нібыта не абмежаваны.

«Армузскі праліў адкрыты, ён закрыты толькі для танкераў і суднаў, якія належаць нашым ворагам. Астатнія могуць праходзіць, але, вядома, многія аддаюць перавагу не рабіць гэтага з меркаванняў бяспекі. Магу толькі сказаць, што праліў закрыты толькі для амерыканскіх, ізраільскіх суднаў і танкераў», — заявіў Арагчы.

Іранскі міністр таксама пракаментаваў удары па аб’ектах у рэгіёне. Ён сцвярджае, што Іран наносіць удары па амерыканскіх базах і іншых аб’ектах ЗША, якія размяшчаюцца на тэрыторыі суседніх дзяржаў. Пры гэтым Арагчы абвінаваціў Вашынгтон у атаках на цывільныя аб’екты ў Іране, хоць амерыканскі бок гэта неаднаразова адмаўляў.

Ён заявіў, што іранскія вайскоўцы дадуць адказ на амерыканскія ўдары па аб’ектах на востраве Харк. Паводле яго слоў, дзеянні ў адказ могуць быць накіраваныя супраць энергетычнай інфраструктуры на Блізкім Усходзе, якая звязаная з ЗША.

Ён таксама сцвярджае, што ракетныя ўдары па востраве Харк з выкарыстаннем сістэм HIMARS былі нанесеныя з дзвюх лакацый на тэрыторыі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Акрамя таго, кіраўнік іранскага МЗС падкрэсліў, што Расія і Кітай застаюцца для Ірана важнымі стратэгічнымі партнёрамі.

Чытайце таксама:

Іран стаў біць па аддзяленнях амерыканскіх банкаў на Блізкім Усходзе

Трамп заклікаў краіны, якія пацярпелі ад закрыцця Армузскага праліва, накіраваць туды вайсковыя караблі

Тэгеран: Тэрыторыя Украіны стала законнай цэллю для Ірана

ХАМАС заклікаў Іран устрымацца ад запуску ракет і беспілотнікаў па краінах Персідскага заліва

ЗША атакавалі востраў Харк у Персідскім заліве. Праз яго праходзіць 90% іранскага экспарту нафты

Эксперт назваў тры сцэнарыі завяршэння вайны супраць Ірана

Каментары да артыкула