БЕЛ Ł РУС

Прэм'ер-міністр Бельгіі выказаўся за здзелку з Пуціным

14.03.2026 / 22:56

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністр Бельгіі Барт дэ Вевер заявіў, што Еўрапейскі саюз цяпер не мае дастатковых магчымасцяў, каб прымусіць Расію адступіць ні ваенным, ні эканамічным шляхам. Таму, на яго думку, ЕС варта пачаць прамыя перамовы з Крамлём, заявіў палітык у інтэрв'ю выданню L'Echo.

Барт дэ Вевер. Фота: AP Photo / Martin Meissner

Паводле слоў палітыка, Еўропа не можа эфектыўна пагражаць Уладзіміру Пуціну праз пастаўкі зброі Украіне, а таксама не здольная эканамічна моцна націснуць на Расію без падтрымкі Злучаных Штатаў. Таму, як ён лічыць, застаецца толькі адзін шлях — шукаць кампраміс і заключаць дамоўленасць.

«Паколькі мы не можам пагражаць Пуціну, адпраўляючы зброю Украіне, і не можам эканамічна задушыць яго без падтрымкі ЗША, застаецца толькі адзін метад: заключыць здзелку», — сказаў ён.

Дэ Вевер таксама папярэдзіў, што калі Еўрасаюз не атрымае ўласнага мандата на перамовы, то ЗША могуць навязаць Еўропе пагадненне, якое будзе для яе нявыгадным.

На яго думку, ЗША «зусім не на баку Украіны».

«Часам мне здаецца, што яны бліжэй да Пуціна, чым да Зяленскага», — лічыць ён.

Раней бельгійскі прэм’ер ужо выступаў супраць жорсткіх мер у дачыненні да Масквы і блакаваў ініцыятывы, звязаныя з выкарыстаннем замарожаных расійскіх актываў для падтрымкі Украіны.

Чытайце таксама:

Чаму ўлады ЕС не сталі канфіскоўваць замарожаныя расійскія актывы?

Прэм'ер Бельгіі прызнаўся, што Расія пагражала яму асабіста за згоду на размарожванне расійскіх актываў

Бельгія заблакавала наданне Украіне €140 мільярдаў рэпарацыйнага крэдыту за кошт актываў РФ

Урад Бельгіі ўзначаліць прыхільнік большай самастойнасці Фландрыі

Каментары да артыкула