Дзяржаўная міністарка ААЭ: Іран не павінен трымаць сусветную эканоміку ў закладніках
Дзяржаўная міністарка Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Лана Нусэйбэ заклікала міжнародную супольнасць прымусіць Іран спыніць блакаванне Армузскага праліва. У інтэрв’ю Euronews яна таксама высока ацаніла падтрымку, якую аказвае рэгіёну Еўрасаюз.
Лана Нусэйбэ. Фота: AP Photo/Petros Karadjias
Паводле слоў эмірацкай чыноўніцы, гэты вузкі марскі шлях паміж Іранам і Аманам мае ключавое значэнне для сусветнай эканомікі, бо праз яго праходзіць каля 20% сусветных паставак энергарэсурсаў. Калі суднаходства ў праліве будзе парушана, гэта можа прывесці да росту цэн на энерганосьбіты, а таксама паўплываць на глабальную харчовую бяспеку і кошты прадуктаў.
«Нельга дапусціць таго, каб Іран трымаў сусветную эканоміку ў закладніках, паводзячы сябе як дзяржава-ізгой», — падкрэсліла Лана Нусэйбэ.
Нусэйбэ адзначыла, што Еўрапейскі саюз з пачатку крызісу аказвае значную падтрымку краінам рэгіёна. Паводле яе слоў, паміж Еўропай і ААЭ існуюць цесныя эканамічныя і палітычныя сувязі: гадавы аб’ём гандлю складае каля 65 мільярдаў еўра, а ў Эміратах жыве і працуе больш за паўмільёна грамадзян еўрапейскіх краін.
Міністарка таксама падкрэсліла, што ААЭ імкнуцца падтрымліваць стабільнасць на энергетычных рынках і заставацца надзейным пастаўшчыком энергарэсурсаў. Адначасова краіна стараецца абараняць сваю тэрыторыю і насельніцтва, не дапускаючы перарастання канфлікту ў шырокамаштабную рэгіянальную вайну.
Лана Нусэйбэ адзначыла, што за апошнія тыдні Эміраты перажылі цяжкі перыяд праз ракетныя і дронавыя атакі з боку Ірана, але цяпер жыццё ў краіне паступова вяртаецца да нармальнага рытму.
Акрамя таго, урад ААЭ працягвае рабіць стаўку на дыверсіфікацыю эканомікі — развіццё фінансаў, лагістыкі, высокіх тэхналогій і штучнага інтэлекту — каб умацаваць устойлівасць краіны перад геапалітычнымі крызісамі.
Чытайце таксама:
Трамп: Я да іх звяртаюся не таму, што яны нам патрэбныя, а хачу паглядзець на рэакцыю
ЗША дазваляюць везці нафту Ірану для таго, каб ён дазваляў рабіць гэта іншым
У Еўрасаюзе разглядаюць магчымасць змены мандата сваёй вайскова-марской місіі на Блізкім Усходзе
Вялікабрытанія і Германія адмовіліся адпраўляць караблі ў Армузскі праліў