БЕЛ Ł РУС

Просты беларус здзівіў людзей, калі ў Германіі прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі. Але аказалася, што ён няпросты

17.03.2026 / 16:32

Аўгіння Якімук

Падчас вулічнай апытанкі рускамоўны блогер у Германіі вырашыў паразмаўляць з дальнабойшчыкам з Брэста. «Наша Ніва» высветліла, што ж за прыхільнік Лукашэнкі цягаецца па Германіі. Ён аказаўся былым пагранічнікам.

Аляксандр Агапаў

Рускамоўны блогер Адынаеў звычайна робіць апытанкі з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў на вуліцах Германіі. На яго канал у YouTube падпісана больш за 70 тысяч чалавек, у інстаграме ён мае 107 тысяч падпісчыкаў.

Чарговым суразмоўцам блогера стаў беларус у каўбойскім капелюшы, які прадставіўся Аляксандрам з Брэста. Маўляў, ужо тры гады працуе дальнабойшчыкам кадэнцыямі ў Еўропе.

На пытанне блогера пра тое, чым адрозніваецца Германія ад Беларусі, мужчына адказаў прапагандысцкімі штампамі. Выдаў і пра чысціню беларускіх вуліц, і пра тое, быццам бы немцы больш абыякавыя да жыцця, іншая справа — выхадцы з былога СССР.

Аляксандр заявіў, што сам бы ніколі не змог прыжыцца ў Германіі, бо вельмі моцна любіць Беларусь. У якасці доказу свайго патрыятызму перадаў прывітанне Лукашэнку.

Блогер спытаў у Аляксандра, чаму народ Беларусі падтрымлівае Лукашэнку: «Захад кажа, што ён дыктатар, але ж мы ведаем, што ў Беларусі 99% яго падтрымлівае».

І вось што адказаў дальнабойшчык:

— Гэта кажа заходні ўрад, якому не падабаецца ягоны пункт гледжання. Яму не падабаецца наш парадак. Не падабаецца, што ў нас усё працуе нягледзячы ні на што. Прычым народ — любы народ — Бельгіі, Францыі, Іспаніі станоўча ставяцца [да Лукашэнкі].

На пытанне, чаго з пабачанага ў Германіі не хапае ў Беларусі, Аляксандр сказаў:

— Ну вось сабор гэты можна было б — ха-ха — сабраць у нас. Мне падабаецца архітэктура, гісторыя глыбокая. Бо ў маёй краіне ўсё было разбурана вайной, і яна занава была адбудавана. Тут таксама былі войны, канечне, але маштабы тут уражваюць. Прыгажосць неверагодная.

Блогер папрасіў Аляксандра сказаць некалькі слоў па-беларуску — маўляў, ён звычайна просіць суразмоўцаў крышачку паразмаўляць на іх роднай мове.

Беларус у адказ пасміхнуўся і заявіў, што для беларусаў родная мова — руская. Але ўсё ж выціснуў з сябе: «Шаноўныя гледачы, вітаем у Германіі!»

Відэа публікавалася яшчэ летась, а цяпер зноў завірусілася.

Аляксандр Агапаў з дачкой

Герой відэа — Аляксандр Агапаў з Брэста. Раней ён быў памежнікам — у адпаведнай форме яго можна пабачыць на фотаздымках БелТА яшчэ ў мінулым годзе.

Таксама ў родным горадзе Аляксандр вядомы і як вадалаз-ратавальнік, некаторы час ён працаваў на ратавальнай станцыі № 1 у Брэсце. Але потым стаў на замову шукаць у вадаёмах згубленыя рэчы.

СМІ пісалі пра яго і з той нагоды, што мужчына выпадкова знайшоў у рацэ медаль ветэрана. Аляксандр шукаў заручальны пярсцёнак, які нехта згубіў пры купанні, а ў працэсе знайшоў і медаль 1945 года «За адвагу». Уладальніка медаля атрымалася знайсці і ўручыць яму страту.

Засвяціўся Аляксандр у масоўцы фільма «Паляванне на гаўляйтара» — граў аднаго з фашыстаў, які сустракаў у Мінску Вільгельма Кубэ.

Фота са здымкаў фільма «Паляванне на гаўляйтара»

У Threads завірусілася інтэрв’ю з Аляксандрам. Каментарыі ў асноўным здзеклівыя.

Людзі цікавяцца, чаму такі нібыта патрыёт не працуе ў Беларусі:

«Лукашэнка — цудоўны прэзідэнт, таму ён вымушаны быць гастарбайтарам», «Усе зайздросцяць, але працую ў Германіі. Дзіўна», «Пытанне: калі ўсё цудоўна, чаму ты працуеш у Германіі? Чаму амерыканцы, англічане не едуць працаваць у Германію?», «На словах любіць радзіму, але харчавацца ездзіць да паноў у гейропу, якая загнівае», «Беларус, які рускі, а ў Еўропе па польскіх дакументах. Патрыёт. Пытанне, чаму палова беларусаў у Еўропе, палова ў Расіі, а Лукашэнка малайчына?».

Чытайце таксама:

Хто тыя дзяўчаты, якія «выпадкова» апынуліся ў Mak.by падчас візіту Лукашэнкі?

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Хто тая адзіная жанчына, што прыйшла на матч «Дынама-Мінск» у Варшаве з чырвона-зялёным сцягам

Каментары да артыкула