БЕЛ Ł РУС

Марзалюк: Ілья Мурамец насамрэч мог быць Ільём Быхаўцам

17.03.2026 / 19:27

Nashaniva.com

Пра тое, што Ілья Мурамец мог паходзіць з беларускай Быхаўшчыны, праўладны гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк паведаміў падчас адной з праграм свайго цыкла лекцый «сапраўднай гісторыі» на БелТА.

Ігар Марзалюк. Фота: «Наша Ніва»

Гаворачы пра выдатнага беларускага археолага, этнографа і фалькларыста Еўдакіма Раманава, які жыў і працаваў у другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя, Марзалюк згадаў, што той адразу ў некалькіх варыянтах захаваў паданне пра Іллюшку, якое расказвалі на тэрыторыі Быхаўскага павета.

«У гэтым паданні адлюстраваныя найважнейшыя сюжэтныя лініі быліны пра Ілью Мурамца. Самае цікавае, што ў гэтым паданні сцвярджаецца, што Іллюшка — гэты асілак — нарадзіўся не недзе ў вёсцы Карачараве ці яшчэ дзе-небудзь. Гэты Ілля Мурамец нарадзіўся ў Быхаўскім павеце, там нават вёска згадваецца.

Больш за тое, ён быў вялікім асілкам і шмат багатырстваваў. І за ўсе яго заслугі, за тое, што ён аддана служыў веры хрысціянскай, Бог яго паклікаў да сябе. Ён узносіцца на неба ў целе і становіцца прарокам.

Такім чынам, згодна з уяўленнямі быхаўскага сялянства канца XIX стагоддзя, Ілля Прарок — гэта ніхто іншы, як Ілля з быхаўскай зямлі», — расказаў Ігар Марзалюк.

Па яго словах, народная перакадзіроўка, якая звязвае Іллю Прарока і Іллю Мурамца, была характэрная для паданняў, распаўсюджаных на тэрыторыі Магілёўскай губерні.

«Можна ўсміхацца, але гэта вельмі цікава, калі тыя ці іншыя сюжэты святой гісторыі нацыяналізуюцца, і калі тыя ці іншыя святыя прарокі прывязваюцца да беларускай зямлі», — сцвярджае Марзалюк.

Чытайце таксама:

Фядута расказаў, як аднойчы ў калоніі яго вялі на «расстрэл». А аказалася, на сустрэчу з Марзалюком

«Марзалюк — гэта наш зубр». Як праўладны гісторык нечакана стаў трэндам для зумераў у тыктоку

«Раней Марзалюк выступаў у калоніі, што экстрэмісты — ворагі народу. А апошні раз — што трэба ўмець дараваць»

Ігар Марзалюк на ідэалагічным мерапрыемстве ўпадаў у экстаз ад абласных караваяў ВІДЭА

Каментары да артыкула