У месенджары Max Салаўёў дадаецца аўтаматычна, а адпісацца ад яго цэлы квэст
Карыстальнікі расійскага сайта «Пікабу» заўважылі праблему ў створаным расійскай дзяржавай месенджары Max: у некаторых людзей з’яўляюцца каналы, на якія яны не падпісваліся і ад якіх складана або немагчыма адпісацца, піша «Медуза».
Скрыншот з відэа
Адзін з карыстальнікаў апублікаваў відэа, дзе ён спрабуе адпісацца ад канала, звязанага з прапагандыстам Уладзімірам Салаўёвым. Нягледзячы на шматразовыя націсканні кнопкі «адпісацца», канал усё адно застаецца ў спісе чатаў.
Іншыя ўдзельнікі таксама пацвердзілі, што ў іх з’явілася шмат невядомых каналаў, у тым ліку з праўрадавым і прапагандысцкім зместам. Гэта назіраецца ў камп’ютарнай версіі праграмы — у мабільнай такіх праблем няма. Некаторыя скардзяцца, што пасля спробы адпісацца іх аўтаматычна зноў падпісваюць, а таксама няма магчымасці паскардзіцца. У асобных выпадках месенджар нават завісае.
Адзін з карыстальнікаў адзначыў, што змог вырашыць праблему, змяніўшы налады прыватнасці — дазволіў дадаваць сябе ў каналы і чаты толькі сваім кантактам.
Месенджар Max пачалі актыўна прасоўваць у Расіі пасля яго запуску ў 2025 годзе. На гэтым фоне ўлады абмяжоўваюць працу іншых папулярных сэрвісаў, такіх як WhatsApp і Telegram. Пры гэтым сам Max ужо крытыкавалі за магчымыя праблемы з бяспекай і рызыку сачэння за карыстальнікамі.
Чытайце таксама:
Беларускія дзяржаўныя СМІ пачалі заклікаць чытаць іх у расійскім месенджары Max