БЕЛ Ł РУС

Пальчыс, Андрэева, Лойка і іншыя імёны — пасля візіту амерыканскіх дыпламатаў у Мінск вызвалілі 250 палітвязняў

19.03.2026 / 17:00

Nashaniva.com

Сёння ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам сустракалася амерыканская дэлегацыя на чале са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам. Пасля гэтай сустрэчы стала вядома пра вызваленне чарговай партыі палітвязняў.

Вызваленыя 250 палітвязняў. 15 з іх дэпартаваныя з краіны ў Літву, 235 застануцца ў Беларусі. 

У спісах вызваленых — журналістка Кацярына Андрэева, блогер Эдуард Пальчыс, праваабаронца Наста Лойка.

Вызвалены таксама Мікіта Залатароў. Хлопца пасадзілі яшчэ непаўналетнім. Яму прысудзілі 5 гадоў выхаваўчай калоніі за ўдзел у пратэстах. Пасля хлопцу дадалі паўтара года за штурханіну з канваірам.

Мікіта Залатароў

А ўрэшце пасадзілі і бацьку Мікіты, Міхаіла Лапунова. Ён таксама палітвязень.

Яшчэ адзін чалавек у спісах — Сяргей Маўшук. Яму прысудзілі 6,5 года за ўдзел у пратэстах у Пінску. Яго жонку Алену Маўшук памілавалі і дэпартавалі ў лютым 2025 года.

Сяргей Маўшук

Вызвалены і Кірыл Казей. У 2020 годзе ён з сябрамі паехаў, каб паразмаўляць з хуліганам, які накінуўся на чалавека са сцягам. У выніку быў арыштаваны і атрымаў 7 гадоў зняволення.

Кірыл Казей

На свабодзе Мікалай Куляшоў — былы мытнік, які дапамагаў пераходзіць мяжу людзям, якім пагражаў арышт. Яму прысудзілі пяць гадоў калоніі, калі накрылі чарговую такую групу.

Мікалай Куляшоў

У спісе вызваленых Дзяніс Жалязко. Ураджэнца Петрыкава асудзілі па дзевяці палітычных крымінальных артыкулах. Ён атрымаў пяць гадоў зняволення, з якіх адсядзеў каля двух гадоў.

Дзяніс Жалязко

Вызвалены анархіст Павел Шпетны. Яму прысудзілі шэсць гадоў зняволення па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння», а пасля накінулі яшчэ два гады.

Павел Шпетны

На свабодзе Кім Самусенка. Ён атрымаў 6,5 года зняволення. Яго брат Аляксей таксама быў палітвязнем, але ўжо вызваліўся.

Кім Самусенка

Вызвалены Аляксандр Казлянка — актывіст «Рэвалюцыйнага дзеяння».

Яго пасадзілі ў 2021 годзе, але за падзеі 2018 года — тады анархісты перакрылі тры паласы трасы М1, пратэстуючы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Агулам Казлянку прысудзілі 7,5 года зняволення.

Аляксандр Казлянка

У спісах вызваленых Дзмітрый Кубараў.

Дызайнера арыштавалі адразу пасля выбараў 2020 года. Сілавікі заявілі, што ён захоўваў у кватэры рэчывы, каб вырабляць кактэйлі Молатава. Агулам яму прызначылі 8 гадоў калоніі.

Дзмітрый Кубараў

Сярод вызваленых і Валянцін Стэфановіч, адзін з лідараў «Вясны». Яго асудзілі да 9 гадоў зняволення. 

Алесь Бяляцкі і Уладзь Лабковіч трапілі ў папярэднюю партыю дэпартаваных. Цяпер на свабодзе і Валянцін. Праваабаронцу трымалі ў турэмных умовах у Магілёве.

Валянцін Стэфановіч

На свабодзе Марфа Рабкова. Праваабаронца знаходзілася за кратамі з верасня 2020 года. Суд, які адбыўся ў верасні 2022 года, прысудзіў ёй 15 гадоў калоніі.

Марфа Рабкова

Сярод вызваленых і дэпартаваных у Літву — Аляксей Мельнікаў. Жыхара Магілёва затрымалі 9 жніўня 2020 года. Яго судзілі па ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) і па арт. 295 КК (незаконнае захоўванні зброі). Далі 7 гадоў калоніі. Пазней дадалі яшчэ паўтара года пазбаўлення волі па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Аляксей Мельнікаў

Вызвалены Дзмітрый Наважылаў, яго не дэпартавалі. Былы дырэктар БелаПАН быў затрыманы ў жніўні 2021 года. Яму прысудзілі 6 гадоў калоніі.

Дзмітрый Наважылаў

Вызвалены вікіпедыст Ілля Барыскевіч. Адміністратар Беларускай Вікіпедыі тарашкевіцай быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі за дыскрэдытацыю Беларусі.

Ілля Барыскевіч

Вызваленая палітолаг Валерыя Касцюгова. У 2023‑м ёй прысудзілі 10 гадоў калоніі.

Валерыя Касцюгова

На волю выйшаў брэсцкі журналіст Алег Супрунюк. 8 жніўня 2025 года яго асудзілі да трох гадоў калоніі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». Журналісту, які мае інваліднасць па слыху, у калоніі не далі магчымасці карыстацца слыхавым апаратам. Алег Супрунюк практычна нічога не чуў і меў вялізныя праблемы ў камунікацыі з іншымі людзьмі.

 

Алег Супрунюк

На волі таксама Марына Петражыцкая, завуч мінскай гімназіі №34. Яе затрымалі ў 2024 годзе па справе дваровых чатаў і асудзілі на 2 гады калоніі.

Марына Петражыцкая

У спісах вызваленых — уладальнік гродзенскай этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч. Яго затрымалі ў лютым 2025 года і асудзілі па «народным» 342 артыкуле. Андрэю далі паўтара года хіміі з накіраваннем.

Андрэй Несцяровіч

Сярод вызваленых, каму дазволілі застацца ў Беларусі, берасцейка Надзея Лескавец. Жанчыну затрымалі ў студзені 2024 года, калі сілавікі рабілі «рэйд салідарнасці» — затрыманні людзей, якія дапамагалі палітвязням. Лескавец абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, і за дапамогу палітвязням далі 3 гады калоніі.

Надзея Лескавец

Вызвалены нафтанавец і бубнач з Наваполацка Дзмітрый Шалак.

Дзмітрый быў затрыманы ў снежні 2023 года і асуджаны на 3,5 года за абразу Лукашэнкі.

Дзмітрый Шалак

Вызваленыя таксама нядаўна асуджаныя за дапамогу палітзняволеным Вера Кананенка і яе муж Сяргей Кардаш. У студзені 2026 года ім прысудзілі па 3 гады калоніі. Яны былі затрыманыя ў кастрычніку 2024 года падчас чарговага хапуна за дапамогу палітычнымі зняволеным.

Сярод вызваленых — баранавіцкі актывіст з інваліднасцю трэцяй групы Ігар Шумілаў, піша «Вясна». Раней ён трапіў у ДТЗ і страціў нагу, а таксама праз гэта мае сур'ёзную праблему з правай рукой.

Яго асудзілі паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп у дачыненні да Лукашенкі). Суддзя Мікалай Кміта прысудзіў 4 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Ігар Шумілаў

Сярод вызваленых і палітзняволеная расіянка Яраслава Хромчанкава, піша «Вясна». Жанчына жыла ў Мазыры і была затрыманая па «справе Гаюна». Яраславу прызналі вінаватай паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і 369‑1 (дыскрэдытацыя Беларусі) Крымінальнага кодэксу.

Гомельскі абласны суд прызначыў ёй тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Яраслава Хромчанкава

Вызвалілі таксама каардынатара пошукавага атрада «Анёл» Максіма Федаровіча, піша «Вясна». Ёнбыў затрыманы па «справе Гаюна». Федаровіча асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэксу да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Мужчыну судзілі за дзевяць выпадкаў перадачы даных у «Гаюн». Таксама яму прызначылі штраф — 500 базавых велічынь. 

Максім — каардынатар пошукавага атраду «Анёл». Раней ён працаваў тэхнолагам на «Мінск-Крышталі», але цалкам змяніў жыццё пасля таго, як у 2017 годзе далучыўся да руху пасля маштабных пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы. Вядома, што ў экс-палітвязня ёсць маленькае дзіця.

Максім Федаровіч

Глядзіце поўны спіс. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула