БЕЛ Ł РУС

За палітыку асудзілі былога сябра ЛДПБ, які трымаў стрыптыз-клуб на Зыбіцкай

20.03.2026 / 13:09

Nashaniva.com

Дзмітрый Бурак называў сябе бізнэс-анёлам, балатаваўся ад ЛДПБ і лічыўся адным з самых багатых кандыдатаў.

У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд 46‑гадоваму Дзмітрыю Бураку.

У ранейшых інтэрв’ю ён расказваў, што дзесяць гадоў адпрацаваў на дзяржаўнай службе, а пасля пайшоў у бізнэс. Спачатку займаўся мантажам вентыляцыі, пасля ліфтамі, укладаўся і ў IT-сферу. Сярод іншых яго актываў стрыптыз-клуб Gentleman's House на Зыбіцкай.

Бурак называў сябе бізнэс-анёлам і ўзначальваў сетку Angels band.

Апроч таго, Дзмітрый быў сябрам Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Ён балатаваўся ад партыі ў парламент у 2016‑м і ў Мінскі гарадскі савет дэпутатаў у 2018-м, але, натуральна, прайграў. Затое адзначыўся як адзін з самых багатых кандыдатаў.

Невядома, калі на Бурака завялі крымінальную справу і ці быў ён у СІЗА.

Бізнэсмена абвінацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса). Па гэтым артыкуле судзяць сотні чалавек, затрыманых па справе Гаюна, але няясна, ці ў Дзмітрыя было такое ж абвіначваванне.

Дзмітрыю Бураку прысудзілі хатнюю хімію. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула