БЕЛ Ł РУС

Пасадзілі айцішніка з літоўскай кампаніі. Падобна, за каментары і справу Гаюна

29.03.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Аляксандр Бігель шмат гадоў працаваў у кампаніі Altabel і кіраваў распрацоўкай медыцынскага праграмнага забеспячэння. Нядаўна яго асудзілі па трох палітычных артыкулах.

Аляксандр Бігель. Фота з Аднакласнікаў

Мінчуку Аляксандру Бігелю 44 гады. У 2005‑м ён скончыў інжынерна-эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Пасля гэтага мужчына пабудаваў паспяховую кар'еру ў IT: распрацоўваў сэрвісы для GPS-трэкінгу і мабільныя праграмы, ствараў гульні на Android. З 2018 года Аляксандр працаваў у літоўскай кампаніі Altabel Group, дзе дарос да кіраўніка каманды і архітэктара. Ён займаўся воблачнымі платформамі для клінічных даследаванняў і медыцынскім софтам.

Аляксандра Бігеля затрымалі ўвосень мінулага года.

У Мінскім гарадскім судзе яго судзілі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Па звестках праваабаронцаў, яму прысудзілі паўтара года калоніі.

Падобна, што пераслед Аляксандра звязаны з інтэрнэт-каментарамі і перадачай інфармацыі праекту «Беларускі Гаюн».

Нядаўна ў Гомелі па справе Гаюна асудзілі калегу Аляксандра, старшага распрацоўшчыка Altabel Андрэя Кулікова.

Чытайце таксама:

Мінскага экскурсавода з найвышэйшымі адзнакамі ад турыстаў асудзілі за палітыку

Дальнабойшчыка з Ліды, які вярнуўся з Еўрасаюза, кінулі за краты па трох крымінальных артыкулах

У дзень, калі памілавалі палітвязня Дароніна, ягонай жонцы прысудзілі 8,5 гадоў калоніі за ўдзел у дваровым чаце

Каментары да артыкула