Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра
У свой час ён праславіўся, калі прыязджаў на танку ў Курскую вобласць.
Аляксандр «Жэрар» Красоўскі
Стала вядома пра арышт ва Украіне 40‑гадовага беларускага добраахвотніка Аляксандра «Жэрара» Красоўскага. Пра гэта напісаў добраахвотнік Дзяніс Урбановіч, інфармацыю пацвердзілі «Нашай Ніве» і іншыя вайскоўцы.
Па іх словах, следчыя прыйшлі да Красоўскага 14 сакавіка 2026 года. Цяпер ён у СІЗА.
Вайскоўцы паведамляюць, што пры вобшуку ў Жэрара быццам знайшлі няўлічаную зброю, а таксама каля 1 мільёна еўра. Невядома, ці гэта яго грошы, ці кагосьці іншага. Таксама яго падазраюць у самавольным пакіданні часці (але, магчыма, сітуацыя ў бюракратычным непаразуменні паміж вайскоўцамі) і перапродажы нейкіх трафеяў.
Жэрар расказваў у ранейшых інтэрв'ю, што ён родам з Мінска. У 2020‑м яго некалькі разоў затрымлівалі, пасля гэтага мужчына вырашыў з'ехаць з Беларусі і ў выніку апынуўся ва Украіне. Спачатку суправаджаў уцекачоў у Польшчу, а пазней далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў у складзе «Азова».
Нейкі час Жэрар служыў сярод каліноўцаў, а пазней пайшоў у 225‑ты асобны штурмавы полк УСУ, дзе з цягам часу ўзначаліў падраздзяленне «Тур». У 2024‑м беларусы з «Тура» былі сярод ваяроў УСУ, якія зайшлі на тэрыторыю Курскай вобласці. Тады ж з'явілася знакамітае відэа з танкам пад БЧБ-сцягам, знятае нібыта ў Курскай вобласці, але насамрэч — на Сумшчыне.
Апошнім часам Жэрар займаўся эвакуацыяй параненых.
Чытайце таксама:
«Заходзілі як нож у масла». Беларускія байцы былі сярод тых, хто першым зайшоў у Курскую вобласць