Пайшла ў банкруцтва падсанкцыйная кампанія, якая стварала сістэму сачэння за беларусамі
Эканамічны суд Мінска распачаў вытворчасць па справе аб банкруцтве фірмы «24×7 Паноптэс». Кампанія была зарэгістраваная ў 2016 годзе, а яе адзіным удзельнікам цяпер з’яўляецца Дзмітрый Калашук. З канца мінулага года фірма знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, піша Office Life.
Фота ілюстрацыйнае
Паводле рэестру патрабаванняў крэдытораў, даўгі кампаніі складаюць 5,3 мільёна рублёў, а на рахунку ў банку ў яе засталося толькі 10,2 тысяч рублёў.
«24×7 Паноптэс» была тэхнічным аператарам рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі з 2017 года. Кампанія распрацавала платформу з праграмнымі модулямі для апрацоўкі відэапатокаў і іншых даных сістэм відэаназірання, аналітычнымі модулямі, сэрвісамі апавяшчэння карыстальнікаў, інструментамі пошуку аб’ектаў і падзей у вялікіх аб’ёмах даных, а таксама сродкамі кіравання доступам і інфармацыйнай бяспекі.
У 2022 годзе фірма «24×7 Паноптэс», як звязаная з IT-кампаніяй «Сінэзіс», трапіла пад санкцыі ЗША. У той жа час «Белтэлекам» атрымаў статус адзінага аператара сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. У выніку дзяржаўнае прадпрыемства разам з ранейшымі распрацоўшчыкамі сталі шчыльна супрацоўнічаць, мадэрнізуючы і пашыраючы сістэму маніторынгу, якая сярод іншага прымянялася і для правядзення масавых рэпрэсій.