Інтэрнэт і СМІ

Сілавікі раскрытыкавалі Synesis і перадалі права сачыць за беларусамі Белтэлекаму. Хто распрацуе новую праграму?

Намеснік міністра ўнутраных спраў Казакевіч раскрытыкаваў дачынную кампанію Synesis, якая займаецца відэаназіраннем у метро, маўляў, «МУС адзначае крайне нізкі ўзровень, тэмпы развіцця і функцыянал». Гаворка ідзе пра Kipod. 

Экс-сілавік ГУБАЗіК сцвярджаў, што распрацоўку Synesis выкарыстоўвалі для ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў пратэстаў. Кампанія была нязгодная з абвінавачваннем

Таксама МУС не задавальняе «колькасць камер і інтэлектуальныя здольнасці прадукта Kipod у сферы аховы грамадскага парадку, напрыклад індэнтыфікацыя твараў». Сцвярджаецца, што цяпер аператарам сістэмы будзе Белтэлекам. 

Synesis хацела зарабіць, а патрапіла пад санкцыі

Яшчэ ў чэрвені стала зразумела, што будучыня Kipod у Беларусі спрэчная. 

Спачатку меркавалася, што Synesis (гаворка пра дачку кампаніі «24х7 Паноптэс») стане аператарам «Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскага парадку» і распрацуе прадукт, да якога будуць падключаныя сотні тысяч камер па ўсёй краіне. У выніку аператар будзе мець грошы ад абанентаў (тых, хто ўстанавіў сабе відэаназіранне), а сілавікі — інфармацыю. Паводле тэндара, выйгранага ў 2017 годзе, кампанія павінна была падключыць 360 тысяч відэакамер да канца 2023 года.

Але ў рэальнасьці аказалася, што дзяржава не змагла забяспечыць падключэнне нават сваіх аб'ектаў: камеры дарагія, абанецкая плата таксама. Хто з бюджэтных установаў будзе падключаць сістэму відэаназірання, калі і на больш пільныя патрэбы грошы не заўсёды ёсць? З прыватнікам гісторыя такая ж — лішніх грошай зараз няма і ў іх.

Для Synesis гэта была б добрая магчымасць абкатаць сваю сістэму, каб потым прадаць яе далей, на больш заможныя рынкі. Але аналітыкі лічаць, што цана паслугі была нерэлеватная беларускім рэаліям. На сёння ў сістэме зарэгістравана 700 камер, 515 з якіх — у метро. 

Кіраўнік Synesis Аляксей Шатроў. Фота: Аляксандр Глебаў, probusiness.io

Былы супрацоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, якога СК абвінавачвае ў зліве службовай інфармацыі, сцвярджаў, што з дапамогай платформы Kipod сілавікі вылічвалі ўдзельнікаў пратэстаў у 2020 і 2021 годзе. Synesis абвяргала гэта:

«Задача платформы Kipod, на базе якой працуе Рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі, — пошук раней ідэнтыфікаваных асобаў. Гэта мае практычную вартасць, калі гаворка ідзе аб пошуку ўжо ідэнтыфікаваных людзей, якія знаходзяцца ў рэспубліканскім вышуку, зніклі без вестак і гэтак далей. Пры гэтым загрузіць у базу ўсіх грамадзян краіны (да прыкладу, базу пашпартоў), каб сістэма магла масава ідэнтыфікаваць усіх грамадзян, якія трапляюць у поле зроку камер, — тэхнічна немагчыма. Калі чалавек сістэме невядомы, то аператар можа паспрабаваць знайсці неапазнанага чалавека па фота. Для гэтага яму ў рэальным часе трэба чакаць, калі неапазнаны чалавек з'явіцца ў зоне камер сістэмы, каб потым аператыўна накіраваць да яго праваахоўнікаў. Працэс нагадвае, хутчэй, спецаперацыю, Synesis аб правядзенні такіх мерапрыемстваў невядома».

Напачатку года ў праўладных колах загаварылі, што права быць тэхнічным аператарам рэспубліканскай сістэмы трэба перадаць Белтэлекаму. Намеснік міністра МУС удакладняў, што паслугі дзяржаўнай кампаніі абыдуцца танней, Лукашэнка паставіў задачу, каб фінансавалася гэта не толькі з бюджэту, то-бок арганізаваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства.

«24х7 Паноптэс» выходзіць з гэтай гісторыі ў кепскім стане, невядома, ці атрымаецца адбіць затрачаныя на распрацоўку Kipod грошы. Месячная выручка ў другім квартале 2021 года, па вядомай «Нашай Ніве» інфармацыі (афіцыйна каментаваць парадак лічбаў і іх сапраўднасць у Synesis адмовіліся — НН), складала каля 90 тысяч рублёў, месячныя выдаткі — каля 180 тысяч рублёў. Нясплочаных крэдытаў — на 3,7 мільёнаў рублёў. 

Да таго ж, вяртаць грошы давядзецца і бізнэсмэну Аляксею Алексіну, які некалі ўваходзіў у «Сінэзіс» як чысты інвестар, але не атрымаў чаканага прыбытку і, па нашай інфармацыі, просіць частку інвестыцый назад. 

У канцы 2020 года Synesis трапіла пад еўрапейскія санкцыі. Кампанія спрабуе дамагчыся, каб яе выключылі з «чорнага спісу», але пакуль безвынікова.

А хто ўзнікне замест Kipod?

Белтэлекам будзе толькі аператарам, але сам софт павінен быць напісаны нанова, аператар мусіць абраць выканаўцу. У афіцыйных крыніцах паведамляецца, што «распрацоўшчыкам будзе нацыянальная ІТ-кампанія, што стане дадатковым фактарам забеспячэння бяспекі сістэмы». 

«Такія кампаніі ў краіне ёсць», — удакладняе Казакевіч. 

Па інфармацыі «Нашай Нівы», найбольшыя шанцы стаць новым распрацоўшчыкам софту ў кампаніі Navek Soft, яна ўжо мае шчыльныя сувязі з Белтэлекамам і дзяржаўнымі органамі і ўжо абслугоўвае шырокую сетку камер.

Navek Soft з'яўляецца дачыннай кампаніяй «Мабільнага сервіса», якая фігуравала ў крымінальнай справе былога намесніка кіраўніка Рады бяспекі Беларусі. Тады за падбор «правільных» пастаўшчыкоў у турму адправіліся і Андрэй Уцюрын з Рады бяспекі (12 гадоў калоніі, падбухторваў да дачы хабараў, сам атрымаў хабар на суму $190 тысяч), і былы генеральны дырэктара Белтэлекама Сяргей Сівадзедаў (7 гадоў, атрымаў хабараў на суму $470 тысяч і €15 тысяч), і «фактычны кіраўнік», паводле КДБ, «Мабільнага сервіса» — Уладзімір Жылін (4 гады калоніі за дачу хабару на суму звыш $900 тысяч). Прысуд уступіў у сілу ў ліпені 2020-га, у бізнэс-колах кажуць, што Жылін ужо на свабодзе.

Суд па «справе Уцюрына». Фота: Onliner.by

Але кампанія працягвае існаваць і аказваць паслугі дзяржаўным арганізацыям. Цяпер яе звязваюць з імёнамі двух братоў — Юрый Ляўданскі і Яўген Ляўданскі (на момант падрыхтоўкі матэрыяла дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб па тэхнічных прычынах недасяжны). 

Менавіта «Мабільны сервіс», выглядае, пастаўляў у Беларусь ільвіную частку абсталявання, што дазваляе спецслужбам сачыць за грамадзянамі. Вось, напрыклад, частка «рашэнняў», якія яны прапануюць дзяржаве. 

Іх дачынны Navek Soft таксама прапануе паслугі, якія могуць быць цікавыя сілавікам. Кампанія з'яўляецца рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій. 

Але самая галоўная сувязь згаданых кампаній з Белтэлекамам у тым, што Navek Soft з'яўляецца партнёрам Белтэлекама ў рэалізацыі паслугі «Відэакантроль».

Прадае паслугу Белтэлекам, а інтэлектуальную частку і пастаўкі тэхнікі забяспечваюць Navek Soft і іншыя кампаніі «Мабільнага сэрвіса». 

Цмяныя абставіны паставак абсталявання і праграмнага забеспячэння для «Відэакантроля» таксама фігуравалі ў «справе Белтэлекама». 

Цяпер «Відэакантроль» прапануе ўстаноўку камер, да якіх будзе доступ у рэжыме рэальнага часу. Многія камеры, якія прыпісваліся Synesis цягам 2020-га года, належаць Белтэлекаму.

Бягучая сістэма «Відэакантроля» не заяўляе такія ж моцныя інтэлектуальныя здольнасці, як Synesis, але ўжо мае непараўнальна больш камер у краіне.

Фактычна пытанне застаецца ў тым, каб інтэграваць у існую інфраструктуру сэрвіса магчымасць аналізаваць відэа — распазнаваць твары, што само па сабе ўжо не з'яўляецца ўнікальнай тэхналогіяй. 

Выпадковасць ці не, але Navek Soft ужо выставіў свежую вакансію на «распрацоўку і падтрымку функцыяналу сервераў відэаназірання».

Мы спрабавалі атрымаць каментар у кампаніі Navek Soft, аднак сакратар пасля кансультацый з кіраўніцтвам адказала: «На гэтае пытанне мы каментароў не даём».

Пасля выбараў 2010 года «Белтэлекам» патрапіў пад заходнія санкцыі. На цяперашні момант кампанія не ўключаная ў «чорны спіс».

Каментары

У Беларусі з'явіўся народны паэт1

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?6

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

У Беларусі сёлета глядзелі порна з мілфамі, а ў Расіі — анальны сэкс26

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ15

«Быццам наш горад, і не наш». Расійская нацыяналістка пабывала ў Гродне і не хавае абурэння40

Макрон збіраецца ў Польшчу для абмеркавання планаў міратворчай місіі ва Украіне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт1

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →