У Мінску будуць будаваць крыты скаладром
У Мінску плануюць пабудаваць крыты скаладром каля станцыі метро «Спартыўная». Горад выставіў на аўкцыён права арэнды зямельнага ўчастка пад гэты праект. Будучы спартыўны комплекс можа з’явіцца побач з паркам Цівалі і гандлёвым цэнтрам «Скала», паведамляе Realt.by.
Участак знаходзіцца на вуліцы Пятра Глебкі, 7С. Зараз там звычайная зялёная зона каля дарогі. Побач таксама ёсць школа, таму можна меркаваць, што скаладром будзе арыентаваны ў тым ліку на дзяцей і падлеткаў. Агульная плошча тэрыторыі — каля 44 сотак.
На гэтым месцы дазволена ўзвесці будынак плошчай да 1800 квадратных метраў. Плануецца, што ў комплекс увойдзе крыты скаладром прыкладна на 800 «квадратаў», а таксама падземны паркінг на 1000 квадратных метраў.
Пачатковы кошт права арэнды ўчастка складае 42,4 тысячы рублёў, яшчэ каля 12,9 тысячы трэба будзе выдаткаваць на падрыхтоўку дакументаў.
Аўкцыён прызначаны на 15 красавіка і пройдзе ў Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці.
Чытайце таксама:
Як цяпер выглядае рынак «Ждановічы», дзе ідзе вялікая будоўля ФОТЫ
У Мінскім планетарыі пачалі зборку новага купала
Як цяпер выглядае Міжнародны фінансавы цэнтр у «Мінск-Свеце»
Тунэлі пойдуць на восем метраў ніжэй за Свіслач — як ідзе будаўніцтва Зеленалужскай лініі метро ФОТЫ