БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Германіі: Адносіны з Масквой і Вашынгтонам ніколі не будуць ранейшымі

25.03.2026 / 19:00

Nashaniva.com

На думку прэзідэнта Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера, вайна ва Украіне паказала, што Еўропа павінна забяспечыць сваю бяспеку ад Расіі, а не разам з ёй. Зрэшты, і вяртання да тых адносін з ЗША, якія былі да пачатку другога тэрміну Дональда Трампа, больш ужо ніколі не будзе, піша Deutsche Welle.

Франк-Вальтэр Штайнмаер. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Sean Gallup/Getty Image

«Напад Расіі на Украіну кардынальна парушыў усе прынцыпы еўрапейскай сістэмы бяспекі», — заявіў 24 сакавіка прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер у Берліне падчас мерапрыемства, прысвечанага 75‑й гадавіне МЗС ФРГ.

Паводле яго слоў, дзесяцігоддзямі ва ўсіх прыярытэтах стаяла імкненне стварыць «агульны еўрапейскі дом» разам з Расіяй пасля падзення «жалезнай заслоны», але агрэсія Масквы супраць Кіева робіць гэта немагчымым.

«Я мяркую, што нават пасля вайны ў дачыненні да гэтай Расіі гаворка будзе ісці не пра мір, а пра тое, наколькі імаверны новы канфлікт. Карацей кажучы: сёння Еўропа павінна забяспечваць сваю бяспеку ад Расіі, а не разам з Расіяй», — працягнуў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што верыць, што ў адносінах з Масквой «не будзе вяртання да таго, што было да 24 лютага 2022 года».

На думку прэзідэнта Германіі, Бундэсвер павінен стаць «апорай канвенцыйнай бяспекі ў Еўропе».

«Для гэтага нашы ўзброеныя сілы маюць патрэбу ў поўнай падтрымцы не толькі з боку палітыкаў, але і ўсяго грамадства. Гэта азначае: дастатковыя фінансавыя сродкі, сучаснае ўзбраенне, больш асабовага складу», — патлумачыў палітык.

Ён дадаў, што ў выпадку, калі добраахвотнай службы ва Узброеных сілах акажацца недастаткова, краіне будзе неабходна вярнуцца да вайсковай павіннасці:

«Я лічу, што лепш за ўсё гэта зрабіць у форме абавязковага тэрміну грамадскіх работ для ўсіх, які адныя будуць адбываць у Бундэсверы, а іншыя — у сацыяльных установах».

У той жа прамове федэральны прэзідэнт Германіі назваў вайну ЗША і Ізраіля з Іранам «палітычнай фатальнай памылкай», якая «супярэчыць міжнароднаму праву» і якой «можна было пазбегнуць».

Ён канстатаваў сур’ёзныя змены ў адносінах са Злучанымі Штатамі і выказаў здагадку па аналогіі з Расіяй, што ў іх ужо «не будзе шляху назад у перыяд да 20 студзеня 2025 года», калі пачаўся другі прэзідэнцкі тэрмін Дональда Трампа.

Штайнмаер выказаў меркаванне, што Берлін павінен быць прагматычным у адносінах з цяперашняй амерыканскай адміністрацыяй і «засяродзіцца на сваіх асноўных інтарэсах», але «не ісці на кампраміс са сваімі прынцыпамі» і не ігнараваць пры гэтым міжнароднае права.

«Ва ўрада ЗША іншае светапогляд, чым у нас — такі, які не праяўляе ніякай павагі да ўсталяваных правіл, партнёрства або з цяжкасцю заваяванага даверу. Мы не можам гэта змяніць. Мы павінны з гэтым спраўляцца. Але я перакананы: у нас няма прычын далучацца да гэтага светапогляду», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

Марыя Калеснікава сустрэлася з прэзідэнтам Германіі

Прэзідэнт Германіі сустрэўся з Ціханоўскімі і заклікаў вызваліць палітвязняў у Беларусі

Прэзідэнт Германіі падкрэсліў ролю беларусаў у перамозе над нацызмам

Штайнмаер заявіў аб «канчатковым правале» расійскай палітыкі Германіі і паабяцаў сваёй краіне цяжкія гады

Каментары да артыкула