БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз замарозіў крэдытны план на 16 мільярдаў еўра для Венгрыі за тое, што тая замарозіла 90 мільярдаў для Украіны

25.03.2026 / 23:27

Nashaniva.com

Еўрапейскі Саюз прыпыніў зацвярджэнне крэдытнага плана для Венгрыі па абароннай праграме SAFE на больш як 16 мільярдаў еўра з-за таго, што Будапешт блакуе выдзяленне 90 мільярдаў еўра дапамогі Украіне. Пра гэта паведамляе польскае выданне rmf24.pl са спасылкай на крыніцу сярод еўрапейскіх дыпламатаў; 

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Фота: Jonathan Raa/NurPhoto via Getty Images

Афіцыйна ў Еўракамісіі кажуць, што разгляд яшчэ працягваецца, але, паводле неафіцыйных звестак, прычына ў пазіцыі прэм’ера Венгрыі Віктара Орбана. Яму ставяць у віну тое, што ён перашкаджае падтрымцы краіны, якая вядзе вайну з Расіяй.

Паведамляецца, што рашэнне адкласці венгерскую заяўку разглядалася яшчэ раней, але канчаткова на яго паўплывала пазіцыя Орбана на саміце ЕС 19 сакавіка, дзе ён зноў пацвердзіў вета на дапамогу Украіне.

Акрамя гэтага, у Бруселя ёсць і іншыя прэтэнзіі да Венгрыі: супраціў новым санкцыям супраць Расіі, праблемы з празрыстасцю тэндэраў і недастатковая барацьба з карупцыяй.

Крэдыт для Украіны быў узгоднены яшчэ ў снежні 2025 года, але пасля Венгрыя заблакавала працэдурныя рашэнні. У Будапешце тлумачаць гэта спыненнем транзіту расійскай нафты праз Украіну.

Орбан заяўляе, што не зменіць сваю пазіцыю, пакуль пастаўкі не будуць адноўленыя. Акрамя таго, Венгрыя пагражае блакаваць іншыя рашэнні, звязаныя з падтрымкай Украіны і яе збліжэннем з ЕС.

Праўда, на 12 красавіка ў Венгрыі прызначаныя парламенцкія выбары, на якіх упершыню за 16 гадоў партыя «Фідэс», якая цяпер знаходзіцца пры ўладзе, мае ўсе шанцы прайграць. 

Чытайце таксама:

«Сапраўдны сябра і баец». Трамп падтрымаў Орбана перад выбарамі ў Венгрыі

ЕС адхіліў Венгрыю ад унутраных перамоў і сакрэтнай інфармацыі з-за боязі ўцечак у Расію

Лідары ЕС не змаглі пераканаць Венгрыю разблакаваць крэдыт Украіне на 90 млрд еўра

Орбан назваў дзве прычыны, чаму Венгрыя не выходзіць з ЕС

«Я дзякую Богу, што краіна, з якой вы ваюеце, сёння не вораг Венгрыі». Орбан адказаў Віктару Юшчанку на ягоны адкрыты ліст

Каментары да артыкула