У былога белсатаўца Прановіча дома знайшлі некалькі сотняў грамаў псіхатропаў, у тым ліку наркотык-зомбі
Польскае тэлебачанне паведаміла, што ў Варшаве паліцыя затрымала 33‑гадовага мужчыну, у якога ў кватэры знайшлі вялікую колькасць наркотыкаў, у тым ліку небяспечнае рэчыва пад назвай флака (flakka). Гаворка ідзе пра тэлевядучага Міхаіла Прановіча, пра затрыманне якога паведамлялася раней.
Псіхатропныя субстанцыі ў кватэры ў варшаўскім раёне Воля. Фота: Komenda Rejonowa Policji IV — Bemowo, Wola
Падчас ператрусу супрацоўнікі знайшлі ў мужчыны некалькі сотняў грамаў розных псіхатропных рэчываў, наяўныя грошы і электронныя вагі.
Лабараторныя даследаванні паказалі, што адно з рэчываў — гэта a-PVP (flakka), вядомае як наркотык-зомбі. Гэта моцны сінтэтычны наркотык, уздзеянне якога на арганізм яшчэ не да канца вывучана, паведамляюць польскія сілавікі.
Прановічу выставілі абвінавачанне ў захоўванні вялікай колькасці псіхатропных рэчываў. Пакуль што ён арыштаваны на тры месяцы.
За такое злачынства ў Польшчы можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Міхаілу Прановічу 32 гады. Хлопец вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, супрацоўнічаў з СТБ, а пасля адправіўся скараць Маскву. У Расіі ён працаваў на каналах «РЕН ТВ» і «Мір 24». У 2020‑м Міхаіл прыйшоў на «Белсат», дзе вёў эфіры ў рускамоўнай рэдакцыі канала «Вот так». Год таму Прановіч пакінуў «Белсат» і журналістыку.
Чытайце таксама:
Былога вядучага «Белсата» затрымалі ў Польшчы за наркотыкі
У Польшчы затрымалі беларуса, які хацеў пераслаць амаль паўкілаграма наркотыкаў