Двух плямістых аленяў перавезлі з Брэста ў Белавежскую пушчу
Плямістыя алені цяпер будуць жыць у экскурсійных вальерах у Белавежскай пушчы, паведаміла прэс-служба Нацыянальнага парка «Белавежская пушча». Раней яны некалькі гадоў утрымліваліся ў гарадскім кутку жывой прыроды, але пасля яго закрыцця жывёл пачалі размяшчаць у іншых месцах. Алені аказаліся апошнімі, хто там заставаўся.
Фота: Белавежская пушча
Пасля таго як пра сітуацыю стала вядома грамадскасці, агульнымі намаганнямі пачалі шукаць лепшыя ўмовы для жывёл і збіраць грошы для іх выкупу. У выніку кіраўніцтва нацпарка вырашыла перавезці іх у Белавежскую пушчу.
Цікава, што адзін з аленяў — дарослы самец — раней ужо жыў у гэтым парку, таму фактычна вярнуўся ў знаёмае месца.
Цяпер жывёлы будуць жыць пад наглядам спецыялістаў: ім забяспечаць правільнае кармленне, догляд і ветэрынарны кантроль. Адзначаецца, што яны не могуць жыць у дзікай прыродзе, бо ўсё жыццё правялі ў няволі, ды і ўвогуле гэты від не з’яўляецца натуральным для беларускай фауны.
Чытайце таксама:
У Брэсце спрабуюць выратаваць знясіленых аленяў з закрытага заакутка