У Мастоўскім раёне ў аднаго гаспадара пчолы не перажылі зіму, то ён пайшоў красці чужых
У Мастоўскім раёне мужчыну вярнулі каля 100 тысяч пчол, якіх у яго раней скралі з пчальніка побач з вёскай Дамянішкі. 68‑гадовы гаспадар паведаміў у міліцыю, што ў яго зніклі пяць пчаліных сем’яў на суму каля 1500 рублёў, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Падчас праверкі высветлілася, што да крадзяжу мае дачыненне 70‑гадовы жыхар суседняй вёскі. Узімку ў яго загінулі ўласныя пчолы, таму ён вырашыў «кампенсаваць» страты, забраўшы чужых. Мужчына выняў з вулляў рамкі з пчоламі і перавёз іх да сябе.
Адна пчаліная сям’я ў гэты перыяд можа налічваць ад 10 да 30 тысяч асобін, таму агульная колькасць скрадзеных пчол дасягала каля 100 тысяч.
Гаспадар лёгка пазнаў сваіх пчол, бо сам рабіў для іх рамкі. Пчол вярнулі ўладальніку, а супраць падазраванага распачалі крымінальную справу за крадзеж.
Чытайце таксама:
У Беразіне прачнуліся пчолы. Дзяўчынка, якая іх пабачыла, скарыла тыкток
Нахабны мядзведзь граміць пасекі ў Лагойскім раёне. Тамтэйшы люд ўжо і не ведае, як ратавацца
Чым адрозніваецца бортніцтва ад пчалярства? І чаму вучыліся палякі ў беларускіх бортнікаў