БЕЛ Ł РУС

Улады патлумачылі, чаму ліквідавалі арганізацыю «КіндэрВіта», якая дапамагала дзецям, хворым на рак

27.03.2026 / 23:42

Nashaniva.com

Дзейнасць арганізацыі спынілі па рашэнні калегіі Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама. Паводле афіцыйнай версіі, прычына ў тым, што дзейнасць арганізацыі не адпавядала мэтам і задачам, прапісаным у статуце.

Чыноўнікі запэўнілі, што мера «выканана ў строгай адпаведнасці» з дэкрэтам №1 «Аб дзяржрэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання», а зрабілі гэта «ў сувязі з выяўленнем неадпаведнасці дзейнасці, якая ажыццяўляецца, статутным мэтам арганізацыі». У чым праявілася гэта неадпаведнасць, яны не патлумачылі.

У той жа час у ведамстве адзначылі, што рашэнне можна было абскардзіць у судзе, але заснавальнікі гэтага рабіць не сталі, а замест таго, маўляў, пачалі фарміраваць негатыўную грамадскую думку праз публікацыі ў сацыяльных сетках.

Пра закрыццё KinderVita стала вядома 25 сакавіка, хоць само рашэнне было прынята 19 сакавіка. Заснавальнікі арганізацыі паведамлялі, што на працягу пяці гадоў працавалі законна, адкрыта паказвалі справаздачы і былі сумленнымі з падпісчыкамі. Яны адзначылі, што вымушаныя падпарадкавацца рашэнню ўладаў, нават калі не згодныя з ім.

Цяпер арганізацыя плануе на працягу месяца завяршыць усе справы: сабраныя ахвяраванні накіруюць на дапамогу хворым дзецям, а рэшткі рэчаў — цацкі і сродкі гігіены — перададуць у анкалагічны цэнтр.

Прадстаўнікі KinderVita таксама выказалі надзею, што ў будучыні змогуць зноў займацца дабрачыннасцю, і падзякавалі ўсім, хто падтрымліваў іх працу і дапамагаў дзецям.

Ліквідацыяй арганізацыі былі перадусім шакаваныя бацькі хворых дзяцей, якім яна дапамагала. Яны запісалі і размясцілі ў сацыяльных сетках зварот да Лукашэнкі.

«Кожны дзень «КіндэрВіта» аказвае неверагодную падтрымку і клопат. Яны радуюць дзетак падарункамі, ладзяць забаўляльныя мерапрыемствы, майстар-класы. Арганізуюць збор грашовых сродкаў для цяжка хворых дзяцей. Для ўсіх нас «КіндэрВіта» — гэта не проста арганізацыя. Гэта — добры чараўнік, які дорыць нашым дзецям радасць і вяртае бестурботнае дзяцінства, дзе няма слёз, пакут, болю», — падкрэсліваецца ў звароце.

«Не забірайце ў дзецей са смяротным дыягназам апошняе — усмешку!» — заклікалі людзі.

Фонд «КіндэрВіта» заснавала ў 2021 годзе Надзея Манцэвіч. У 2019 годзе ў яе дзіцяці дыягнаставалі анкалагічнае захворванне, і яна вырашыла стварыць дабрачынную арганізацыю, каб дапамагаць хворым дзецям. За гады працы фонд правёў мноства яркіх акцый для дзяцей, якія знаходзяцца ў анкацэнтры. З майстар-класам перад імі выступала пераможца конкурсу прыгажосці Mrs. Globe Лана Глумакова, а на працягу некалькіх гадоў дзяцей з Новым годам віншавалі альпіністы ў касцюмах Дзядоў Марозаў.

Чытайце таксама:

«Не забірайце ў дзяцей са смяротным дыягназам апошняе!» Блізкія хворых на рак дзяцей звярнуліся да Лукашэнкі з просьбай не знішчаць фонд «КіндэрВіта»

Ліквідавалі фонд «КіндэрВіта», які дапамагаў дзецям з анкалагічнымі захворваннямі

З 2020 года ўлады ліквідавалі 2000 грамадскіх арганізацый

Каментары да артыкула