Вядомая расійская спявачка і яе беларускі муж, дарадца Кадырава, перавялі на лячэнне трохгадовай Ксюшы з СМА больш за 100 тысяч еўра
Літаральна за дзень дабрачынны рахунак у расійскіх рублях, адкрыты для збору на ратавальны ўкол для трохгадовай Ксюшы з Магілёва, папоўніўся амаль на 100 тысяч еўра — прычым адной транзакцыяй.
Гісторыя Ксюшы Майсеенка з Магілёва актыўна распаўсюджвацца ў сацсетках. Зараз дзяўчынцы 3,5 года, у 2024‑м ёй паставілі дыягназ «спінальная мышачная атрафія 2‑га тыпу». Спыніць развіццё хваробы, якая паступова адбірае ўсе навыкі, можа адзін укол — гаворка пра прэпарат Zolgensma. Але кошт тэрапіі — $1,8 мільёна.
За такі магутны рывок у зборы валанцёры падзякавалі спявачцы Кэці Тапурыя, салістцы гурта «А-Студыё», і кампаніі яе мужа. Гаворка ідзе пра Льва Дзяньгова (Паўла Гузбанда) — ураджэнца Мінска, бізнэсмена, які пры гэтым з’яўляецца дарадцам кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава і дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава.
«Мы хочам выказаць бязмежную, велізарную падзяку нашым галоўным чараўнікам за гэты магутны рывок — Кэці Тапурыя, яе мужу, іх кампаніі і супрацоўнікам! Вы падарылі нам крылы і веру ў тое, што ўсё магчыма. Дзякуй вам за ваша добрае сэрца, за неабыякавасць і за тое, што вы з намі ў гэтым нялёгкім змаганні», — напісалі валанцёры ў акаўнце, у якім дзеляцца навінамі па зборы.
Кэці Тапурыя і Леў Дзяньгоў. Фота: інстаграм @keti_one_official
Леў Дзяньгоў — вядомая фігура ў палітычным і грамадскім жыцці Расіі, а з нядаўніх часоў — і ў біятэхналагічнай галіне. Ён скончыў школу ў Мінску, але вышэйшую адукацыю атрымаў у Расіі і Нямеччыне. Яго прозвішча стала шырока вядомае ў другой палове 2010‑х у сувязі з асабістым удзелам у працэсе вызвалення з-за крат у Лівіі расійскіх і беларускіх грамадзян.
У канцы 2022 года Леў Дзяньгоў стварыў кампанію «Адам бія». Па паведамленнях СМІ, у пачатку 2023‑га яна заключыла кантракт на рэалізацыю прадукцыі БНБК на расійскім рынку на суму 11,82 млрд расійскіх рублёў (каля $150 млн). У пачатку гэтага ж года Леў Дзяньгоў стаў дарадцам кампаній CITIC International Investments і CITIC Construction у Расіі і Беларусі. Адна з іх, СІТІС International Investments, з'яўляецца адным з заснавальнікаў і ключавых акцыянераў БНБК. У стварэнні карпарацыі бралі таксама ўдзел беларуская дзяржава і група кампаній з Вялікабрытаніі і ААЭ (пазней іх склад зведаў змены).
Афіцыйна комплекс вытворчасці кармоў, прэміксаў і амінакіслот, размешчаны ў Пухавіцкім раёне, быў запушчаны ў лістападзе 2022 года. Для забеспячэння яго сыравінай БНБК былі перададзеныя гаспадаркі ў пяці раёнах краіны з агульным зямельным фондам звыш 100 тыс. га.
Таксама Дзяньгоў увайшоў у раду дырэктараў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.
Дабрачынны рахунак быў папоўнены на 10 мільёнаў расійскіх рублёў адным пераводам. Скрыншоты: інстаграм @ksenia_sma_mogilev
У тым ліку дзякуючы пераводу Дзяньгова і Тапурыі, на сёння на ўкол для Ксюшы засталося сабраць 30% ад агульнай сумы — крыху больш за 510 тысяч даляраў.
Інфармацыя аб дапамозе Ксюшы па спасылцы.
Чытайце таксама:
Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці
Сіла беларусаў. За некалькі дзён людзі сабралі для трохгадовай Ксюшы 500 тысяч даляраў
Прапагандыстка Шыбкоўская расказала пра свае пакуты — як «камарыны ўкус» аказаўся хваробай Лайма