БЕЛ Ł РУС

Краіны Персідскага заліва пачынаюць сумнявацца ў гарантыях ЗША

28.03.2026 / 19:57

Nashaniva.com

Краіны Персідскага заліва ўсё больш расчароўваюцца ў ЗША праз вайну з Іранам і пачынаюць сумнявацца ў тым, ці могуць разлічваць на амерыканскія гарантыі бяспекі, паведамляе Bloomberg са спасылкамі на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Агонь і клубы дыму падымаюцца пасля таго, як беспілотнік нанёс удар па паліўным баку непадалёк ад міжнароднага аэрапорта Дубая ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. 16 сакавіка 2026 года. Фота: AP

Па звестках Bloomberg, многія чыноўнікі з краін Персідскага заліва ў прыватных размовах ставяць пад пытанне стратэгію адміністрацыі Дональда Трампа і мэты ўдзелу ЗША ў канфлікце. Яны таксама непакояцца, што амерыканскія вайсковыя базы ў рэгіёне робяць іх краіны патэнцыйнымі мішэнямі. Пры гэтым публічна яны пра гэта не гавораць, каб не сапсаваць адносіны з Вашынгтонам.

Асаблівую трывогу выклікае магчымы мір паміж ЗША і Іранам, калі не будуць абмежаваныя ракетныя праграмы Тэгерана і падтрымка розных груповак у рэгіёне. У такім выпадку краіны Персідскага заліва баяцца застацца сам-насам з узмоцненым і незадаволеным Іранам, які можа працягваць кантраляваць Армузскі праліў — важны маршрут для транспарту нафты і газу.

На гэтым фоне некаторыя краіны, у тым ліку Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Саудаўская Аравія, займаюць больш жорсткую пазіцыю адносна Ірана. Яны нават разглядаюць магчымасць далучэння да ваенных дзеянняў, калі Іран нанясе ўдары па іх крытычнай інфраструктуры. Адна з іх галоўных мэт — стварыць кааліцыю, якая зможа аслабіць або спыніць кантроль Ірана над Армузскім пралівам.

Таксама адзначаецца, што ў рэгіёне разглядаюць усе магчымыя варыянты, каб разблакаваць гэты праліў, а любая дамова аб спыненні агню павінна абмяжоўваць ядзерныя пагрозы, ракетныя праграмы і выкарыстанне Іранам беспілотнікаў.

Чытайце таксама:

«Ён не думаў, што будзе цалаваць мяне ў сраку». Трамп выказаўся пра адносіны з наследным прынцам Саудаўскай Аравіі

Украіна і Саудаўская Аравія падпісалі дамову аб абаронным супрацоўніцтве

Трамп расказаў пра 10 танкераў з нафтай, якія Іран падарыў ЗША

ЗША ўжо запланавалі наземную аперацыю ў Іране

Саудаўская Аравія і ААЭ просяць Трампа не спыняцца з Іранам

Іран выставіў ЗША максімалісцкія патрабаванні для вяртання да перамоў — WSJ

Каментары да артыкула