У Аўстрыі збіраюцца ўвесці забарону на карыстанне сацсеткамі для дзяцей
Аўстрыя плануе ўвесці забарону на карыстанне сацыяльнымі сеткамі для дзяцей маладзейшых за 14 гадоў, працягваючы сусветную тэндэнцыю абмежавання доступу дзяцей да такіх платформаў, паведамляе Euronews.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Паводле планаў урада, адпаведны законапраект павінны падрыхтаваць да канца чэрвеня. Для кантролю ўзросту будуць выкарыстоўвацца сучасныя тэхналогіі, якія дазволяць пацвярджаць узрост карыстальнікаў без парушэння іх прыватнасці. Аднак пакуль невядома, калі менавіта новыя правілы пачнуць дзейнічаць, бо яны павінны быць ухваленыя парламентам.
У Еўропе і іншых рэгіёнах ужо абмяркоўваюць або ўводзяць падобныя абмежаванні: у некаторых краінах мінімальны ўзрост для сацыяльных сетак прапануецца зрабіць 15 або 16 гадоў, а ў асобных выпадках доступ дазваляецца толькі са згоды бацькоў.
Аўстрыйскі ўрад падкрэслівае, што такая мера накіраваная на абарону дзяцей ад шкоднага кантэнту, залежнасці ад сацыяльных сетак і празмернага выкарыстання экранаў. Таксама плануецца ўзмацніць навучанне школьнікаў медыяпісьменнасці і асновам працы з лічбавымі тэхналогіямі.
Чытайце таксама:
Першая краіна свету забараняе сацсеткі для дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. Як гэта будзе працаваць