Моды1313

Луксмаксінг: новая трывожная тэндэнцыя сярод юнакоў

У анлайн-свеце хлопцаў, апантаных дасканаласцю свайго твару і цела, не існуе ніякіх забарон, у тым ліку на радыкальныя хірургічныя ўмяшанні.

Знакамітасці луксмаксінгу Ёхан Друмеў і Осцін Уэйн. Фота: johandrumev; austinwayneofficial / Instagram

Брытанскае выданне The Times расказвае пра новую моду сярод маладых людзей.

Шостая раніцы. Ён прачынаецца без будзільніка, бо форумы навучылі яго: менавіта паміж шостай і восьмай гадзінамі ўзровень картызолу ў арганізме дасягае піку. Першае, што ён робіць, — правярае свой профіль. Выступ падбародка, глыбіня запаласцяў пад вачыма, стан скуры.

Ён адклейвае з вуснаў пластыр, які трымаўся ўсю ноч, каб гарантаваць іх добрае ўвільгатненне, падыходзіць да люстэрка, дзе святло выстаўлена адмысловым чынам: адна лямпа зверху і мяккі свяцільнік злева, каб імітаваць натуральнае вулічнае асвятленне.

Ён прымае харчовыя дабаўкі: цынк, B12, калаген. Затым накладае ледзяны кампрэс уздоўж падвочных дуг, каб прыбраць мяшкі пад вачыма, і дзесяць хвілін праходзіць сеанс тэрапіі чырвоным святлом, адначасова гартаючы TikTok. 

Гэта не пачатак дня кіназоркі, а звычайная раніца сучаснага юнака-луксмаксера.

Як піша The Times, луксмаксінг (ад англійскага looksmaxxing — максімальна паляпшаць свой выгляд) — гэта цэлая філасофія, мэта якой удасканаліць знешнасць, каб дасягнуць вобразу «паляўнічага-збіральніка»: гіпермаскуліннага твару з вострымі лініямі, глыбока пасаджанымі вачыма і масіўнай сківіцай.

Карані луксмаксінгу сягаюць у змрочныя анлайн-форумы пачатку 2010-х, дзе збіраліся інцэлы («вымушаныя трымаць цэлібат»), якія лічаць, што не могуць знайсці сэксуальнага партнёра ад таго, што жанчыны не звяртаюць на іх увагі, не лічаць іх вартымі. Там нарадзілася ідэя, што лёс мужчыны вызначаецца яго генетыкай і структурай костак. Яны стварылі жорсткую сістэму рэйтынгаў, дзе мужчын падзяляюць на «чэдаў» (ідэальных альфа-самцоў), «нормі» (сярэднякоў) і «генетычных тупікоў».

Сёння новымі мікразнакамітасцямі сярод падлеткаў сталі не рэперы ці футбалісты, а сухарлявыя маладыя людзі, якія вядуць стрымы з разборам твараў.

Напрыклад, такія стрымы 20‑гадовага Брэйдэна Пітэрса (вядомага пад псеўданімам Clavicular) збіраюць дзясяткі тысяч гледачоў, для якіх гэта не проста забава, а інструкцыя па «асэндынгу» — пераходзе на вышэйшую ступень прывабнасці.

Не менш яркай постаццю ў гэтым асяроддзі з’яўляецца Осцін Уэйн, чые відэа ў фармаце «mogwalks» набіраюць мільёны лайкаў. Гэта своеасаблівыя эстэтычныя перформансы: Уэйн ідзе па людных вуліцах Тайланда ці Японіі, а камера фіксуе рэакцыю мінакоў, падкрэсліваючы яго відавочную перавагу ў агульнай масе твараў і целаў. Філасофія Уэйна даволі прагматычная: ён упэўнены, што поспех у луксмаксінгу на 80% залежыць ад кампазіцыі цела. 

На такіх сайтах, як looksmax.org і looksmaxxing.com, хлопцы загружаюць свае профілі і просяць «брутальнай шчырасці». У адказ яны атрымліваюць заключэнні кшталту «серадняк, пакуль не скінеш тлушч» і спецыфічныя рэкамендацыі аб змене ладу жыцця або хірургічным умяшанні. 

Софт і хард

Эксперты праводзяць мяжу паміж софтмаксінгам і хардмаксінгам. Першы ўключае ў сябе інтэнсіўны догляд за скурай (выкарыстанне эксфаліянтаў, тонераў, рэтынолу і муцыну слімака для эластычнасці), высокапратэінавыя дыеты, працу над паставай і штодзённае расчэсванне броваў. Сюды ж адносіцца прыём дабавак — цынку, калагену і вітаміну B12.

Хардмакісінг мае значна менш прыхільнікаў. Ён уключае хірургічныя аперацыі: імпланты ў падбародак, змяненне формы сківіцы, рынапластыку і нават экзотыку накшталт перасадкі тлушчу пад вочы.

Асобнае месца займае фармакалогія, напрыклад, рэтатрутыд — пептыд, які называюць «Гадзілай» сярод сродкаў для пахудзення. З ім абяцаюць дасягнуць экстрэмальна нізкага працэнта тлушчу ў целе (ніжэй за 12%). Ён усё яшчэ праходзіць клінічныя выпрабаванні і не ўхвалены для шырокага выкарыстання.

Большасць луксмаксераў практыкуюць «м’юінг» — прыцісканне языка да паднябення для мадэлявання сківіцы.

@ethentrip #lm #looksmax #glowup ♬ Love Potions X Mine Slowed - dannybedettimusic

Хоць стваральнік метаду артадонт Майк М’ю, зусім не планаваў станавіцца кумірам падлеткаў, навуковую лекцыю пра тое, як сучаснае жыццё (мяккая ежа, дыханне ротам і кепская пастава) псуе развіццё твару, загрузіў на YouTube сем гадоў таму.

Аднак ёсць і больш радыкальныя практыкі, напрыклад, «боўнсмэшынг» (bonesmashing). Гэта спробы наносіць сабе мікратраўмы ў вобласці скул або падбародка (рукамі ці масажнымі пісталетамі), каб стымуляваць рост касцявой тканкі. Эксперты лічаць гэта чыстым вар’яцтвам.

Самаўдасканаленне ці крызіс асобы?

Псіхолагі і медыкі занепакоеныя тым, што луксмаксінг становіцца формай дысмарфафобіі — хваравітай незадаволенасці сваім целам. Томас Міджлі, псіхолаг з 25‑гадовым стажам, параўноўвае луксмаксінг з анарэксіяй.

Паводле яго слоў, хлопцы трапляюць у пастку: пасля першых поспехаў у зале яны атрымліваюць больш увагі, і гэта падштурхоўвае іх ісці далей. Але паколькі ўпэўненасць грунтуецца толькі на выглядзе, яна ніколі не бывае стабільнай. Заўсёды знойдзецца міліметр косткі, які можна «палепшыць».

Мехмет Манісалі, кансультант па сківічна-тваравай хірургіі ў Лондане, зазначае, што алгарытмы сацыяльных сетак пастаянна падсоўваюць юнакам адрэдагаваныя выявы, якіх немагчыма дасягнуць у рэальнасці. Манісалі часта адмаўляе пацыентам, чые чаканні нерэалістычныя. Ён мадэлюе твары з дапамогай праграмнага забеспячэння, каб паказаць, што хірургічна дасягальна, а што абяцае Instagram. Калі рэалістычны варыянт іх расчароўвае, ён прапануе ім працягнуць пошукі ў іншым месцы.

Самі гэтыя хлопцы не лічаць сябе ахвярамі. Для іх гэта рацыянальны адказ на сучаснасць. 21‑гадовы швед Ёхан Друмеў шчыра кажа:

«Далейшае ўдасканаленне майго выгляду гарантуе мне яшчэ больш жаночай увагі, больш падпісчыкаў у сацсетках і больш грошай. Я стану жывым доказам таго, што, маючы патрэбныя веды, можна змяніць сябе, не выглядаючы пры гэтым дзіўна ці штучна. Я хачу зацьмяваць іншых сваім выглядам, адчуваць сябе лепш, хачу развівацца. І мне ўсё адно, што гэта ненатуральна. Большасць людзей з выключнай знешнасцю атрымалі яе не ад прыроды».

Як заўважае The Times, па вялікім рахунку, у луксмаксінгу няма нічога прынцыпова новага. Юнакі ва ўсе часы стаялі перад люстэркам перад спатканнямі, заўсёды хацелі больш вострых сківіц, шырэйшых плячэй, крыху больш увагі.

Аднак сёння адбылася радыкальная гейміфікацыя гэтага жадання. Маладыя людзі загружаюць праграмы для мадэлявання твару, на форумах аналізуюць міліметры касцей твару, які ператварыўся ў бясконцы праект па аптымізацыі. Луксмаксінг у сваім найгоршым праяўленні вучыць пакаленне хлопцаў бачыць у сваім адлюстраванні не асобу, а набор інжынерных памылак, якія трэба выправіць.

Каментары13

  • Filipp
    18.03.2026
    Аналіз на нізкім узроўні.
  • American Psycho
    18.03.2026
    American Psycho
  • Serge
    18.03.2026
    Ага, попыт на паўдуркаў расце! А што ў іх з мазгамі?

Цяпер чытаюць

Партыя Пашыняна ўпэўнена перамагла — 50% галасоў, але 60% месцаў у парламенце

Партыя Пашыняна ўпэўнена перамагла — 50% галасоў, але 60% месцаў у парламенце

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне ўдарылі па сховішчы адпрацаванага ядзернага паліва каля Чарнобыльскай АЭС5

Пашынян прагаласаваў на парламенцкіх выбарах у Арменіі. Ён заявіў, што ніякай напружанасці з Расіяй няма, а шлях да ЕС працягнецца4

«Ні тады, ні сёння я не лічу, што зрабіў штосьці кепскае». Дзядок шчыра расказаў пра былыя адносіны з 16‑гадовай дзяўчынай131

Як выбраць салодкія трускалкі з аднаго погляду: просты спосаб12

Кіраўнік МЗС Украіны: Расіі ўсё адно давядзецца скончыць вайну дыпламатычным шляхам, але ўмовы будуць горшыя2

Маладую бухгалтарку з Калінкавічаў асудзілі за Гаюна8

Дроны атакавалі акупаваныя Данецкую і Луганскую вобласці, а таксама Крым: пад ударам ЦЭС, нафтабаза і чыгунка

Кітай абвясціў пра спецыяльную ваенна-марскую аперацыю паблізу Тайваня5

Як выглядала акцёрка Ганна Душэўская, сястра стваральніка бел-чырвона-белага сцяга, чый твар быў схаваны пад нікабам6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Партыя Пашыняна ўпэўнена перамагла — 50% галасоў, але 60% месцаў у парламенце

Партыя Пашыняна ўпэўнена перамагла — 50% галасоў, але 60% месцаў у парламенце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць