БЕЛ Ł РУС

У Свіслачы аўтобус упаў на кіроўцу, калі той яго рамантаваў

30.03.2026 / 16:13

Nashaniva.com

Інцыдэнт адбыўся ў студзені 2026 года на адным з прадпрыемстваў. Службовы аўтобус выйшаў са строю — заклініла стартар, і яго вырашылі адрамантаваць з парушэннем правіл бяспекі, паведамляе Следчы камітэт.

Фота: Следчы камітэт

50‑гадовы кіроўца паведаміў пра гэта свайму 62‑гадоваму кіраўніку, які адказваў за тэхніку бяспекі. Кіраўнік жа, замест таго каб накіраваць транспарт у аўтапарк для рамонту, загадаў выправіць няспраўнасць самастойна.

Кіроўца не стаў пярэчыць і заняўся рамонтам у працоўны час каля свайго дома. Ён падняў аўтобус дамкратам, падклаў драўляныя падпоркі і залез пад машыну. Аднак канструкцыя не вытрымала, і цяжкі аўтобус сарваўся, прыціснуўшы мужчыну.

У выніку пацярпелы атрымаў цяжкія траўмы, але цяпер яго жыццю нічога не пагражае.

Падчас праверкі высветлілася, што кіроўца не меў права выконваць такія работы — ён не прайшоў неабходнае навучанне і інструктаж. Сам ён пацвердзіў, што дзейнічаў па ўказанні кіраўніка, які таксама дазволіў трымаць службовы аўтобус у двары дома.

У дачыненні да 62‑гадовага інжынера-механіка завялі крымінальную справу за парушэнне правіл аховы працы, што прывяло да цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Чытайце таксама:

Сэрвісы ў Беларусі больш не абслугоўваюць аўтамабілі Geely кітайскай зборкі

У «Мінск Свеце» ваююць з-за парковак

У Мінску мужчына рабіў у кватэры рамонт і знайшоў рэвальвер

Каментары да артыкула