БЕЛ Ł РУС

«Дапамога» Калегавай запусціла новую платформу для збораў — з нулявой камісіяй. На што збіраюць першыя грошы?

30.03.2026 / 20:24

Nashaniva.com

Арганізацыя «Дапамога», якая з восені 2020 года дапамагае беларусам у Літве, абвясціла пра рэбрэндынг і запуск уласнай лічбавай платформы. Арганізатары абяцаюць, што 100% ахвяраванняў будуць трапляць наўпрост да тых, каму яны прызначаліся. Кіраўніца «Дапамогі» Наталля Калегава расказала, у чым ідэя праекта.

Наталля Калегава, фота J. Stacevičiaus/LRT nuotr

Афіцыйны запуск новага сэрвісу прымеркавалі да Дня Волі. «Дапамога» больш не будзе прымаць сродкі на свае ўласныя рахункі або неяк распараджацца імі. Усе данаты будуць ісці адрасату, што азначае нулявую камісію з боку самой арганізацыі.

Карыстальнікі могуць самі ствараць зборы, самастойна падключаючы ўласныя плацежныя інструменты (напрыклад, Stripe). Пры гэтым кожная кампанія будзе праходзіць абавязковую папярэднюю праверку, а ўдзельнікаў будуць верыфікаваць праз сістэму Dapamoga ID.

Кіраўніца «Дапамогі» Наталля Калегава тлумачыць такі крок мінімізацыяй рызык і барацьбой са спекуляцыямі: «Мы ведаем, наколькі важны давер. Але адна справа, калі мы збіраем на патрэбы арганізацыі, а іншая — сабраць грошы для людзей. Цяпер у нашых супольнасцях праблемы з даверам, таму мы вырашылі стварыць празрыстую платформу, дзе бачны кожны еўра». Пакуль што новая платформа працуе ў пілотным рэжыме на адмысловай старонцы арганізацыі.

Першы і галоўны збор цяпер — гэта кампанія па арганізацыі аздараўленчага рэтрыту для былых палітзняволеных беларусак. Праект стартуе ўжо 1 красавіка на Канарскіх астравах і працягнецца месяц. Былым палітзняволеным прапануюць тэрапеўтычную падтрымку, аднаўленчыя практыкі і проста бяспечную прастору для фізічнай і псіхалагічнай адаптацыі пасля турмы.

Па стане на 30 сакавіка неабыякавыя беларусы ўжо сабралі на гэтыя мэты 8 900 еўра, але збор яшчэ працягваецца.

Чытайце таксама:

«Не проста адпачынак, а лячэнне душы». Наталля Калегава арганізавала адпачынак на Канарах для жанчын-палітвязняў

На экстранны збор на дапамогу вызваленым палітвязням сабрана 90 тысяч еўра

Улады патлумачылі, чаму ліквідавалі арганізацыю «КіндэрВіта», якая дапамагала дзецям, хворым на рак

Каментары да артыкула