ЗША папрасілі Польшчу перакінуць на Блізкі Усход батарэю Patriot
Злучаныя Штаты Амерыкі папрасілі Польшчу перакінуць адну са сваіх ракетных батарэй Patriot і некаторыя ракеты PAC-3 MSE на Блізкі Усход. Пра гэта гаворыцца ў публікацыі выдання Rzeczpospolita, піша «Еўрапейская праўда».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP / Mindaugas Kulbis
Амерыканцы неафіцыйна звярнуліся да Польшчы з просьбай разгледзець магчымасць перадачы на Блізкі Усход адной з дзвюх батарэй сістэм СПА Patriot і ракет-перахопнікаў PAC-3 MSE, якія ўжо былі дастаўленыя ў Польшчу і з'яўляюцца ўласнасцю польскай арміі.
Армія Польшчы мае дзве батарэі сістэмы Patriot, куды ўваходзяць 16 пускавых установак. Яны дасягнулі поўнай аператыўнай гатоўнасці ў канцы 2025 года. Гэтае абсталяванне дазваляе знішчаць варожыя ракеты або самалёты з адлегласці да 100 км. Пускавыя ўстаноўкі могуць, сярод іншага, страляць ракетамі PAC-3 MSE, якіх было замоўлена прыкладна 200 па кантракце, падпісаным у 2019 годзе. Большасць з іх ужо знаходзяцца ў Польшчы.
Пастаўкі наступных шасці батарэй, кантракты на якія заключылі восенню 2023 года, чакаюцца ў 2027 годзе. Тады было замоўлена прыкладна 600 ракет PAC-3. Гэтыя пастаўкі яшчэ не пачаліся.
Пасля публікацыі гэтага артыкула міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш напісаў у сацсетцы Х, што польскія батарэі Patriot і іх зброя выкарыстоўваюцца для абароны польскага неба і ўсходняга фланга НАТА.
«Нічога ў гэтым плане не змянілася, і мы не плануем іх нікуды перадыслакаваць! Нашы саюзнікі ведаюць і разумеюць, наколькі важнымі з'яўляюцца нашы задачы тут. Бяспека Польшчы — наш абсалютны прыярытэт», — напісаў Касіняк-Камыш.
Паводле звестак выдання Politico, прадстаўнікі адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа нядаўна пачалі папярэджваць іншыя краіны, што пастаўкі зброі ЗША ва Украіну могуць быць перапыненыя ў найбліжэйшыя месяцы, паколькі Пентагон аддае прыярытэт яе выкарыстанню ў вайне ў Іране.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа адзначыў, што ЗША пакуль не перанакіроўваюць зброю для Украіны на Блізкі Усход, але могуць гэта зрабіць.
Чытайце таксама:
Зяленскі: Пакуль перанакіравання зброі з Украіны на Блізкі Усход няма, а там пабачым
Фінляндыя ініцыявала праверку, ці сапраўды аплачаная Еўропай амерыканская зброя ідзе Украіне
Рубіа пацвердзіў, што ЗША могуць перанакіраваць зброю, прызначаную для Украіны, на Блізкі Усход
Пентагон можа перанакіраваць пастаўкі зброі, прызначанай для Украіны, у Іран