БЕЛ Ł РУС

Заходнія вятры прынеслі ў Беларусь першыя пылкі-алергены

31.03.2026 / 21:15

Nashaniva.com

У Беларусі пачынаецца першы ў гэтым сезоне перыяд актыўнага распаўсюджвання пылку, які можа выклікаць алергію. Паводле назіранняў, заходнія вятры прынеслі ў краіну пылок раслін, і найбольш складаная сітуацыя цяпер у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, паведаміла тэлерадыёкампанія «Гродна».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Галоўнай прычынай вясновых алергій з’яўляецца бяроза, а ў Гродне да яе далучылася і магнолія. Дрэвы пачынаюць масава цвісці, таму колькасць пылку ў паветры можа хутка ўзрасці да высокага ўзроўню.

Медыкі тлумачаць, што паліноз — гэта сезонная алергія, калі імунная сістэма рэагуе на пылок як на нешта небяспечнае. У выніку ў чалавека з’яўляюцца сімптомы: слёзы, насмарк, чханне і кашаль.

Спецыялісты папярэджваюць, што не варта ігнараваць такія праявы, бо яны могуць перайсці ў больш сур’ёзныя хваробы, напрыклад, хранічны алергічны рыніт або астму.

Для выяўлення алергіі выкарыстоўваюць спецыяльныя тэсты або аналіз крыві. Каб палегчыць стан, дактары раяць прымаць антыгістамінныя прэпараты, але толькі пасля кансультацыі са спецыялістам.

Таксама адзначаецца, што ў чэрвені алергію будуць часцей выклікаць злакавыя травы кшталту цімафееўкі, а напрыканцы лета — іншыя расліны, напрыклад палын і лебяда.

Чытайце таксама:

Чаму пры ўкусе кляшча бессэнсоўна адразу здаваць аналіз крыві

Прапагандыстка Шыбкоўская расказала пра свае пакуты — як «камарыны ўкус» аказаўся хваробай Лайма

На захадзе Беларусі актывізаваліся вясновыя алергены

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было непрыемных наступстваў

Каментары да артыкула