БЕЛ Ł РУС

Прастытуцыя, педафілія, пратэсты. Прапаганда выпусціла сюжэт пра ліквідаваны фонд дапамогі анкахворым дзецям «КіндэрВіта»

1.04.2026 / 11:20

Nashaniva.com

Прапагандысты АНТ галаслоўна пералічваюць абвінавачанні ў адрас членаў Фонда — нажываліся на анкахворых дзецях, удзельнічалі ў прастытуцыі, заклікалі да пратэстаў. Але ніякіх фактаў і пацвярджэнняў не прывялі.

Фота: kindervita.by

Увесь сюжэт паказваюць відэа з нейкага карпаратыву — акалічнасці яго не называюцца. Але на фоне п’янай вечарыны, якую да справы не падшыць, гучаць зусім іншыя цяжкія абвінавачанні.

«Увесь гэты п’яны чад арганізаваны за кошт ахвяраванняў, сабраных на лячэнне дзяцей, хворых на анкалогію», — злавесна каментуе прапагандыст Андрэй Аляксандраў.

«Людзі, якія, гледзячы на анкахворых малых, гатовыя набіць кішэні на чужой бядзе», — кажа ён.

Паводле прапагандыстаў, бацькі хворых дзяцей «сталі першымі біць трывогу». «Пачалі заўважаць, што абяцанні дабрачынцаў ідуць уразрэз з рэальнымі дзеяннямі», — кажа прапагандыст, але не ўдакладняе, што менавіта заўважылі бацькі.

«Нам дапамагаюць. Я проста не веру, нават вось у тое, што ёсць такія выпадкі. Здаецца, што людзі добрыя не могуць так рабіць», — гаворыць маці, якая стаіць да камеры спінай. Ніякіх абвінавачанняў у адрас фонда яна не гаворыць.

Прапагандысты далі словы кіраўніцтву бальніцы. Іна Праляскоўская, намесніца дырэктара па клініцы РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, кажа, што даведалася пра ўсё са СМІ, і што ва ўстанове былі «шакаваныя» інфармацыяй з медыя.

Прапагандысты таксама прыехалі ў офіс ужо закрытай арганізацыі, «каб задаць пару пытанняў». «Але нам ніхто не адчыніў», — дзівіцца прапагандыст і дадае: «Каб не таміць, скажам адразу: шарашкіну кантору прыкрылі».

Аляксандраў кажа, што «гаворка не проста пра нямэтавае выкарыстанне грошай, што былі атрыманыя ад спагадлівых беларусаў. Высветлілася, што дырэктар установы праходзіла фігуранткай па крымінальнай справе, звязанай з вырабам і распаўсюджваннем парнаграфіі».

Якім чынам дырэктарка арганізацыі Надзея Манцэвіч была звязана са справаю — рабіла, распаўсюджвала, была сведкай па справе — не называецца. На заснавальніцу фонда прапагандысты спрабуюць выліць максімум бруду. Яны сцвярджаюць, што калі раней яна «фігуравала ў справе аб парнаграфіі», то цяпер «звезла грошы ў Польшчу».

Прапагандысты не могуць уцямна давесці, у чым вінавацяць фонд. Яны змяшалі ў кучу ўсё — і аднаполыя сувязі, і заклікі ў 2020‑м да мітынгаў і забастовак, і нават спакушэнне непаўналетніх пацыентаў.

Сярод прапагандысцкіх выступаў далі слова і сілавіку. Той таксама не прывёў ніякай канкрэтыкі. Каментуючы пасыл прапагандыстаў, што «фінансавыя патокі «КіндэрВіта» былі сапраўднай кармушкай для супрацоўнікаў», Юрый Кардымон, намеснік начальніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Беларусі, сказаў: 

«Пры выяўленні намі падобных фактаў яны будуць неадкладна спыняцца, а дзеянням усіх асоб, задзейнічаных у гэтых схемах, будзе дадзена прынцыповая прававая ацэнка ў рамках крымінальнага заканадаўства».

Фонд «КіндэрВіта» закрылі рашэннем Галоўнага ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама 19 сакавіка за «неадпаведнасць дзейнасці ўказанай установы статутным мэтам арганізацыі».

Сама арганізацыя, якую ліквідавалі яшчэ 19 сакавіка, адкідвае ўсе абвінавачванні. Там падкрэсліваюць, што кожны збор быў публічным, а справаздачы — штотыднёвымі і гадавымі.

«Мы стараліся, каб вы бачылі: дапамога даходзіць па прызначэнні. Мы публікавалі лічбы па кожным зборы», — кажуць у фондзе.

Пасля таго, як фонд запісаў відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адмяніць рашэнне аб ліквідацыі, на іх абрынулася прапаганда з цяжкімі абвінавачаннямі і брудам.

Фонд заснавала ў 2019 годзе Надзея Манцэвіч, у дзіцяці якой знайшлі анкалогію.

Чытайце таксама:

Улады патлумачылі, чаму ліквідавалі арганізацыю «КіндэрВіта», якая дапамагала дзецям, хворым на рак

«Не забірайце ў дзяцей са смяротным дыягназам апошняе!» Блізкія хворых на рак дзяцей звярнуліся да Лукашэнкі з просьбай не знішчаць фонд «КіндэрВіта»

Ліквідавалі фонд «КіндэрВіта», які дапамагаў дзецям з анкалагічнымі захворваннямі

Каментары да артыкула