БЕЛ Ł РУС

У ЗША суд спыніў будаўніцтва ініцыяванай Трампам новай бальнай залы ў Белым доме

1.04.2026 / 21:52

Nashaniva.com

Рашэнне аб прыпыненні будаўніцтва прыняў федэральны суддзя Рычард Леан пасля пазову Нацыянальнага фонду захавання гістарычнай спадчыны. Гэтая арганізацыя лічыць, што прэзідэнт ЗША перавысіў свае паўнамоцтвы, калі распарадзіўся знесці частку будынка без дазволу Кангрэса.

Фота ілюстрацыйнае

Суддзя падкрэсліў, што прэзідэнт не з’яўляецца ўладальнікам Белага дома, а толькі часова кіруе ім у інтарэсах будучых пакаленняў. Таму такія значныя змены, як знос часткі будынка і новае будаўніцтва, павінны ўзгадняцца з Кангрэсам. Паводле яго ацэнкі, ёсць высокая верагоднасць, што пазоўнікі выйграюць справу.

У выніку суд пастанавіў прыпыніць будаўнічыя работы да разгляду справы па сутнасці. Рашэнне пачне дзейнічаць праз 14 дзён, і за гэты час адміністрацыя прэзідэнта можа яго абскардзіць.

Сам Трамп ужо заявіў, што не згодны з такім рашэннем і мае намер змагацца з ім у судзе.

Гаворка ідзе пра маштабны праект: на месцы часткова знесенага Усходняга крыла Белага дома (якое існуе з пачатку ХХ стагоддзя) плануецца пабудаваць вялікую бальную залу. Спачатку яна разлічвалася прыкладна на 500 чалавек, але пазней праект значна павялічылі — да каля 1350 гасцей.

Кошт будаўніцтва ацэньваецца прыкладна на 400 мільёнаў даляраў. Паводле заяў Белага дома, сама зала будзе фінансавацца прыватнымі донарамі, але пад ёй плануецца яшчэ і будаўніцтва вайсковага комплексу, які ўжо будзе аплачвацца з дзяржаўнага бюджэту.

Суддзя таксама адзначыў, што яшчэ не позна атрымаць афіцыйнае ўхваленне Кангрэса. Менавіта Кангрэс, паводле закона, кантралюе дзяржаўную маёмасць і выдаткі, таму канчатковае рашэнне па такіх праектах павінна прымацца з яго ўдзелам.

Чытайце таксама:

«Мы пакінем Іран вельмі хутка». Трамп анансаваў заканчэнне вайны незалежна ад таго, ці будзе здзелка з Іранам

Міжнародны аэрапорт у Фларыдзе назавуць у гонар Трампа

Трамп заявіў, што хоча валодаць іранскай нафтай і не супраць захопу вострава Харк

Каментары да артыкула