Ахвяру аднаго з найбольш вядомых серыйных забойцаў ідэнтыфікавалі праз паўстагоддзя
У амерыканскім штаце Юта праз 51 год удалося канчаткова закрыць справу аб знікненні і забойстве 17‑гадовай Лоры Эн Эймс. Яе ідэнтыфікавалі як ахвяру вядомага серыйнага забойцы Тэда Бандзі дзякуючы сучасным ДНК-тэхналогіям, піша Бі-бі-сі.
Лора Эн Эймс. Фота: Police Handout
Дзяўчына знікла ў 1974 годзе пасля вечарынкі на Хэлоўін. Праз месяц яе цела знайшлі ў каньёне. Доўгі час справа заставалася адкрытай, бо хоць Бандзі сам і прызнаўся ў забойстве перад пакараннем смерцю, гэтага было недастаткова для поўнай юрыдычнай ўпэўненасці ў яго вінаватасці.
Нядаўнія ДНК-даследаванні далі дакладнае пацвярджэнне, што знойдзеныя доказы належалі менавіта яму. Пасля гэтага ўлады афіцыйна завяршылі расследаванне.
Тэд Бандзі лічыцца адным з самых вядомых серыйных забойцаў у ЗША. У 1970‑я гады ён здзейсніў як мінімум 30 забойстваў жанчын у розных штатах, а магчыма і больш. Ён часта выкарыстоўваў хітрасць і абаянне, каб увайсці ў давер да ахвяр, пасля чаго выводзіў іх у аддаленыя месцы, дзе забіваў.
Тэд Бандзі. Фота: Getty Image
Бандзі неаднаразова арыштоўвалі, але ён двойчы ўцякаў з-пад варты. Канчаткова яго затрымалі ў 1978 годзе, а ў 1989 годзе пакаралі смерцю ў Фларыдзе.
Такім чынам, амерыканскім следчым дзякуючы новым тэхналогіям удалося праз дзесяцігоддзі канчаткова ўстанавіць праўду і закрыць адну са старых крымінальных спраў.
Чытайце таксама:
Маньяка з Коўна гераічна затрымалі простыя гараджане
«Яны кашмарылі ўсіх». Суседзі пра сям’ю Ліпскіх, якія «планавалі забойства больш за 40 чалавек»