БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка расказаў, як лекавалі Статкевіча, і прыплёў пра выбухі

3.04.2026 / 12:38

Сяргей Гезгала

На прыкладзе Статкевіча Лукашэнка абгрунтаваў патрэбу купіць дадатковы апарат для мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.

Мікалай Статкевіч адразу пасля вызвалення. Фота з сацсетак

Лукашэнка на адкрыцці паліклінікі ў Мінску загаварыў пра Мікалая Статкевіча. Нагадаем, што Статкевіч адмовіўся ад дэпартацыі з Беларусі. Тады яго пасадзілі назад у турму строгага рэжыму, дзе ў яго здарыўся інсульт. Толькі пасля гэтага экс-кандыдата ў прэзідэнты вызвалілі.

«Прыклад таму — Коля Статкевіч. Пасядзеў-пасядзеў на мяжы на лаўцы і вярнуўся дадому. А не вярнуўся б — ужо б пахавалі. Вы яго нядаўна выратавалі — інсульт. Адвезлі да Румо (Алег Румо ўзначальвае Мінскі НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі — НН), там круцілі-муцілі. Там адзіны апарат у краіне, здаецца. Трэба паглядзець, можа, яшчэ пару штук купіць. Выратавалі чалавека, які выбухі ладзіў, які хацеў перавярнуць краіну, забіць прэзідэнта. А як смажаны певень дзюбнуў — пабег да гэтага самага прэзідэнта ў дыктатуру, каб яго выратавалі. Вы яго выратавалі», — сказаў сёння Лукашэнка.

Апошнія сцвярджэнні Лукашэнкі — хлуслівыя. Мікалай Статкевіч ніколі не ладзіў выбухаў і не планаваў забойства прэзідэнта. Такіх матэрыялаў няма ў ягоных крымінальных справах.

Хлуслівае і сцвярджэнне, што «Статкевіч пабег у дыктатуру». Статкевіч нікуды не бег: ён з рызыкай для жыцця ўспрацівіўся дэпартацыі, якая супярэчыць існым у Беларусі законам.

Мікалай Статкевіч праз месяц пасля вызвалення. Фота з сацсетак

Нагадаем, што асуджанага на 14 гадоў Мікалая Статкевіча вызвалілі 11 верасня ў складзе групы з 52 чалавек і вывозілі ў Літву, але ён пакінуў аўтобус, некалькі гадзін прасядзеў на мяжы, пасля чаго быў зноў затрыманы і вернуты ў калонію. У лютым ён перанёс інсульт, правёў некалькі тыдняў у бальніцы і быў вызвалены 19 лютага.

Чытайце таксама:

У рэанімацыі Мікалая Статкевіча тры тыдні кармілі праз трубку

Апакаліпсіс заўтра. Статкевіч напісаў першы артыкул — з папярэджаннем пра небяспеку з боку Расіі

Статкевіч заклікаў еўрапейцаў стварыць і ўзброіць Беларускі добраахвотніцкі корпус

Статкевіч прапанаваў лозунг, які аб’яднае большасць беларусаў

Каментары да артыкула