Камандзір Рускага добраахвотніцкага корпусу патлумачыў, ці ён арганізаваў напад на Ідрака Мірзалізадэ
«Я лічу, што жарт быў зняважлівым і непаважлівым. Таму я сказаў, што я плачу 50 000 рублёў [каля 700 даляраў] таму, хто пакажа мне відэа з прабачэннямі Ідрака».
Ідрак Мірзалізадэ (злева) і Дзяніс Капусцін. Фота: скрыны відэа з ТОКу і «Вдудь»
Камандзір Рускага добраахвотніцкага корпусу (РДК) Дзяніс Капусцін у інтэрв’ю Юрыю Дудзю расказаў, ці арганізоўваў напад на стэндап-коміка Ідрака Мірзалізадэ ў 2021 годзе.
У 2021 годзе Мірзалізадэ ў гумарыстычнай праграме «Разгоны» распавёў пра цяжкасці з арэндай кватэры ў Маскве, бо «нерускім не здаюць», а таксама пажартаваў пра рускіх і брудны матрац.
«Мы з братам выкідалі абасраны матрац, а ў гэтай кватэры быў абасраны матрац. Папярэднія здымшчыкі, калі што, рускія. Мабыць, рускія абмазваюцца лайном і кладуцца спаць». Пасля комік дадаў: «Французы вялікая нацыя і могуць дазволіць сабе быць нацыяналістамі. Так, гэта дрэнна — быць нацыяналістам, але французы могуць сабе гэта дазволіць (…) А гэта хто? Нейкі рускі Павел глядзіць на мяне з прэтэнзіяй».
Праз час фрагмент яго выступу раскрытыкавалі тэлеканал «Царград» і журналіст Уладзімір Салаўёў. А Капусцін напісаў пост наступнага зместу:
«Ідрак Мірзалізадэ… фух, ледзь вымавіў. Ды зразумела (…) абнаглелы у**ак, нясмешны (…) клоўн. Няма чаго дадаць да гэтага абсалютна. Гэта ўжо добрая традыцыя, калі ўсякая дрэнь прыязджае ў Расію, расцвітае тут, а потым палівае ядам і лайном дарагіх рускіх суграмадзян».
Праз некалькі тыдняў пасля публікацыі, як згадвае Дудзь, Капусцін выклаў пост пра тое, як яго «неабыякавыя падпісчыкі» напалі на Ідрака.
«Гэты напад арганізаваў ты?» — спытаў Юрый Дудзь.
«Я не магу сказаць, што я яго арганізаваў, але я заклікаў да таго, каб мне даслалі відэа. (…) Я лічу, што жарт быў нясмешным. Я лічу, што ён быў зняважлівым і непаважлівым. Таму я сказаў, што я плачу 50 000 рублёў (каля 700 даляраў. — НН) таму, хто пакажа мне альбо відэа з прабачэннямі Ідрака, альбо відэа з… лайном, рускім лайном, якое ён згадваў у сваім фельетоне, якім яго, не ведаю, абальюць ці там нешта зробяць», — адказаў Капусцін.
Праз некалькі дзён невядомыя напалі на Мірзалізадэ каля станцыі метро. Паводле слоў Капусціна, нападнікі самі звязаліся з ім: «Мне пішуць двое хлопцаў, дасылаюць відэа: «Вось недзе там мы далі яму па галаве». Пры гэтым ад абяцаных грошай выканаўцы адмовіліся, заявіўшы, што дзейнічалі з «ідэалагічных меркаванняў».
Пасля нападу паміж Капусціным і Мірзалізадэ завязалася перапіска, якая доўжылася некалькі дзён. Капусцін сцвярджае, што спрабаваў данесці сваю пазіцыю аб тым, што стэндапер «паступіў няправільна, нягодна і зняважліва ў адносінах да публікі, краіны, якая яго прыняла».
«У нас была доўгая нармальная дыскусія. Нармальная дыскусія, аб'ектыўная. Я данёс сваю пазіцыю. Я думаю, што ён мяне пачуў. Пагадзіўся ён ці не пагадзіўся, не ведаю. (…) Але гэта было без матаў, без вось гэтага ўсяго. (…) Я пачаў з таго, што: «А цябе праўда цяпер у раёне такой і такой станцыі ўдарылі?».
Ён кажа: «А чаму, хто пытаецца?». Я кажу: «Я пытаюся, я гэта ўсё ў сябе на канале посціў, я напісаў «50 000 рублёў»». І далей мы пайшлі ў дыскусію. Ён стаў мне тлумачыць, чаму гэта быў жарт».
На пытанне Юрыя Дудзя, чаму нельга было проста напісаць Ідраку і паспрабаваць вырашыць канфлікт словамі, Капусцін адказаў: «Што б ён тады зрабіў? Ён жа сказаў потым са сцэны, што не лічыць, што ён не мае рацыі, і выбачацца ні перад кім не будзе».
На думку Капусціна, менавіта напад зрабіў яго фігуру значнай у вачах Ідрака:
«Гэта было трыгерам нашых зносін. Ну давай уявім: ты ўмоўна папулярны стэндапер і табе проста піша нейкі тып з 50 падпісчыкамі ў інстаграме і нешта там табе пачынае прад'яўляць. (…) Я нейкі ноўнэйм у яго вачах на той момант абсалютна. І ён што, стане рэагаваць ці стане выбачацца? (…) Тады б і размовы б не пачалося, разумееш?»
На пытанне Дудзя, якія былі ў Капусціна эмоцыі ад таго, што людзі выконваюць тое, да чаго ён заклікае, мужчына адказаў:
«Я разумею, што гэта значыць. Мяне сур’ёзна ўспрымаюць. Ёсць людзі, для якіх маё меркаванне максімальна аўтарытэтнае. Ёсць людзі, якія гатовыя нават нечым рызыкнуць — адміністрацыйным штрафам ці крымінальным пераследам — дзеля таго, каб зрабіць нешта, што я лічу важным».
Паводле яго слоў, тыя людзі, што раней выконвалі яго заклікі ў інтэрнэце, цяпер прыязджаюць ва Украіну і ўступаюць у РДК пад яго непасрэднае камандаванне.
Дзяніс Капусцін нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. Калі яму было 17 гадоў, сям'я пераехала ў Кёльн.
Дзяніс быў фанатам маскоўскага ЦСКА, ультраправым актывістам, займаўся спартовымі адзінаборствамі. Падтрымаў Майдан, з 2017 года жыў ва Украіне.
У 2022 годзе ён заснаваў ва Украіне Рускі добраахвотніцкі корпус. У Расіі завочна прысуджаны да пажыццёвага зняволення.