Зусім новы мост цераз Прыпяць паміж Лунінецкім і Столінскім раёнамі пабудуюць у наступным годзе
Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб будаўніцтве аўтамабільнага моста праз раку Прыпяць у паскораным і спрошчаным парадку, паведаміла ягоная прэс-служба. Новы мост павінен звязаць Лунінецкі і Столінскі раёны.
Цяпер пераправа праз Прыпяць робіцца паромам. Фота: Sb.by
Завяршыць будаўніцтва аб'екта даручана да 2027 года. Гэты праект разглядаецца як важны для развіцця транспартнай інфраструктуры Палесся і для паляпшэння ўмоў жыцця мясцовых жыхароў і гасцей рэгіёна.
Цяпер найкарацейшы шлях паміж Лунінцам і Столінам складае каля 46 кіламетраў і праходзіць праз Прыпяць з выкарыстаннем паромнай пераправы. Аднак гэтая пераправа мае абмежаванні па вазе і памерах транспарту, а таксама залежыць ад умоў надвор’я, што можа ствараць нязручнасці і перапынкі ў руху.
Альтэрнатыўныя маршруты значна даўжэйшыя: праз Пінск каля 125 кіламетраў і праз Жыткавічы каля 180 кіламетраў. Таму будаўніцтва моста павінна істотна скараціць шлях і зрабіць яго больш зручным і надзейным.
Чакаецца, што новы мост павінен стаць важнай транспартнай артэрыяй, якая забяспечыць лепшую даступнасць населеных пунктаў, а таксама бяспечны і камфортны рух для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.
Чытайце таксама:
Цераз Прыпяць пабудуюць цалкам новы мост
На новым мосце ў Мазыры, які адкрываў Лукашэнка, падсвятленне пратрымалася толькі некалькі дзён