БЕЛ Ł РУС

Як выратавалі другога лётчыка амерыканскага знішчальніка F-15 з глыбіні Ірана? Сталі вядомы дэталі аперацыі

5.04.2026 / 16:24

Nashaniva.com

Ён хаваўся ў гарах у чаканні дапамогі, маючы са зброі толькі пісталет.

Абломкі F-15 і катапультнае крэсла. Фота: іранскія СМІ, КВІР

Амерыканскі самалёт F-15E Strike Eagle быў збіты над Іранам 3 красавіка. Два члены экіпажа катапультаваліся з кабіны. Першага лётчыка хутка выратавалі, але другога адразу знайсці не ўдалося.

Ён хаваўся ў гарах, маючы са зброі толькі пісталет. Яго пошук быў найвышэйшым прыярытэтам амерыканскіх вайскоўцаў на працягу апошніх 48 гадзін.

Дэталі выратавальнай аперацыі апісвае The New York Times.

У місіі па выратаванні задзейнічалі сотню спецназаўцаў, дзесяткі амерыканскіх ваенных самалётаў, верталётаў і іншыя магчымасці.

Амерыканскія ўдарныя самалёты скідалі бомбы і адкрывалі агонь па іранскіх калонах, каб не дапусціць іх да раёна, дзе хаваўся лётчык. Калі амерыканскія сілы наблізіліся да свайго афіцэра, успыхнула перастрэлка.

У лётчыка пры сабе быў маяк і прылада бяспечнай сувязі для каардынацыі з выратавальнай місіяй. Высокапастаўлены ваенны чыноўнік ЗША назваў гэту місію адной з самых складаных і комплексных у гісторыі амерыканскіх спецыяльных аперацый.

Пасля таго як афіцэра выратавалі, два транспартныя самалёты, якія павінны былі даставіць яго і ваенных у бяспечнае месца, захраслі на аддаленай базе ў Іране. Яны былі пашкоджаныя. Камандаванне вырашыла накіраваць тры новыя самалёты для эвакуацыі ўсяго амерыканскага ваеннага персаналу, а два пашкоджаныя падарвалі, каб яны не патрапілі ў рукі іранцаў.

Гэта адбывалася ў гарах на паўднёвым захадзе Ірана, дзе існуе значная апазіцыя да іранскага ўрада. 

Па інфармацыі іншых СМІ, выратаваны афіцэр цяпер знаходзіцца ў бяспецы на тэрыторыі Кувейта. Усе амерыканскія сілы пакінулі паветраную прастору Ірана. У аперацыі дапамагаў таксама Ізраіль.

Пра паспяховае завяршэнне місіі абвесціў таксама Дональд Трамп.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула