«З пяці варыянтаў тры кватэры здаваліся толькі грамадзянам Беларусі». Расіяне пераехалі ў Гомель пасля атакі УСУ на Бранск — што іх дзівіць?
Сям’я Лебедзевых — Дар’я і Валерый — яшчэ некалькі тыдняў таму жыла ў Бранску. Пераехаць у Беларусь яны канчаткова вырашылі пасля ракетнай атакі УСУ 10 сакавіка — тады цэллю ўкраінскіх вайскоўцаў у Бранску стаў вайсковы завод «Крэмній Эл».
Дар’я і яе муж Валерый.
Што іх здзіўляе ў Беларусі?
«У Беларусі размаўляюць па-руску. Паўсюль. Усе размаўляюць па-руску! З відавочных плюсоў — кнігі прадаюцца на рускай мове», — адзначыла пазітыўны момант для сябе расіянка. «А яшчэ тут вельмі папулярныя рынкі — я проста абажаю гэтую эстэтыку. Людзі рэгулярна ходзяць туды па свежую гародніну, фрукты і выпечку. Асартымент там большы, чым у сеткавых крамах. І што немалаважна — паўсюль прымаюць расійскія карткі».
Радуецца сям’я і таму, што нарэшце можа карыстацца ўсімі сацсеткамі без VPN, есці смачныя дранікі і кайфаваць ад таго, што «нічога не адбываецца, усё спакойна, людзі проста кайфуюць» (на апошняе ім ужо запярэчылі беларусы, правёўшы лекцыю па дыктатуры і палітвязнях).
Сярод мінусаў жа Дар’я ў сваім тыктоку агучвае наступныя рэчы:
«Тут досыць мала кватэр на арэнду. Калі мы прыехалі, у нас было пяць варыянтаў, тры з якіх здаваліся толькі грамадзянам Беларусі. Быў той яшчэ квэст, калі шчыра. Дарэчы, важна ведаць, што тут не працуе «Авіта».
Як гаспадыню двух сабак дзяўчыну непрыемна ўразіла стаўленне да жывёл у Гомелі.
«Большая частка ўстаноў тут не дог-фрэндлі. Але часам атрымліваецца дамовіцца, каб пранесці сабаку на руках».
Адзначыла блогерка і розніцу ў асартыменце лекаў. Але агулам пакуль расіянам усё падабаецца.
«Мы змясцілі сваё жыццё ў дзве каробкі і пакінулі месца, якое я лічыла сваім домам. Выехалі прыхапкам у незапланаваную эміграцыю. З аднаго боку сумна, але агулам нам падабаецца».