БЕЛ Ł РУС

Каля Егіпта на фоне іранскага крызісу знайшлі вялікае радовішча прыроднага газу

7.04.2026 / 17:38

Nashaniva.com

Італьянская энергетычная кампанія ENI і ўлады Егіпта абвясцілі пра адкрыццё буйнога радовішча прыроднага газу ва ўсходняй частцы Міжземнага мора. Гэта можа дапамагчы краіне справіцца з ростам выдаткаў на энергарэсурсы на фоне вайны, звязанай з Іранам, піша Euronews.

Фота: Gregorio Borgia/AP

Паводле папярэдніх ацэнак, радовішча «Тэмсах» змяшчае каля 60 мільярдаў кубічных метраў газу, а таксама каля 130 мільёнаў бараляў газавага кандэнсату. Праект рэалізуецца сумесна з кампаніяй British Petroleum праз іх супольнае прадпрыемства.

Свідравіна ўжо рыхтуецца да выпрабаванняў. Пасля гэтага плануюць бурэнне новых свідравін і будаўніцтва марской платформы, каб пачаць прамысловую здабычу.

Гэта адкрыццё адбылося ў вельмі важны момант для Егіпта. З-за канфлікту, звязанага з Іранам, пастаўкі газу з Катара і Ізраіля былі парушаныя. У выніку краіне давялося ўводзіць меры эканоміі: абмежаванні для бізнэсу, рост цэн на паліва і скарачэнне дзяржаўных выдаткаў. Штомесячныя выдаткі на імпарт газу амаль патроіліся.

Новае радовішча можа стаць для Егіпта важнай падтрымкай, а таксама дапамагчы Еўропе ў пытанні энергазабеспячэння. Аднак наколькі моцна яно паўплывае на сітуацыю, будзе залежаць ад хуткасці распрацоўкі і таго, як доўга працягнецца канфлікт.

Адзначаецца, што гэта не першае буйное адкрыццё: яшчэ ў 2015 годзе было знойдзена радовішча Зохр, якое давала надзею на поўную энергетычную самадастатковасць краіны. Але пазней Егіпет зрабіў стаўку на ролю рэгіянальнага цэнтра па перапрацоўцы і транзіце газу.

Чытайце таксама:

Як вайна Трампа з Іранам наблізіла канец нафты і газу і адкрыла дарогу электрычнасці

Забудзьцеся пра нафту і газ. Як вада можа стаць зброяй у вайне ЗША і Ізраіля супраць Ірана

Чаму на Блізкім Усходзе так шмат нафты?

Трамп пагражае ўзарваць газавае радовішча Паўднёвы Парс, калі Іран атакуе Катар

Каментары да артыкула