БЕЛ Ł РУС

Нечакана памёр 35‑гадовы музыка Дзмітрый Пісанік — баяніст гурта «Неба Sound»

7.04.2026 / 18:59

Арына Жураўская

Дуэт баяністаў актыўна выступаў як у Беларусі, так і за яе межамі. Спачуванне выказала нават нявестка Лукашэнкі Ганна Сялук.

У складзе дуэта баяністаў «Неба Sound» былі Дзмітрый Пісанік і Андрэй Даўжэнка. Яны працавалі ў сталічным тэатры эстрады, удзельнічалі ў розных праўладных мерапрыемствах — напрыклад, у «Купаллі» ў Александрыі. Выступалі і на «Марафоне адзінства» ў падтрымку Лукашэнкі на апошніх выбарах, і на Усебеларускім народным сходзе.

Летась баяністы ўдзельнічалі ў канцэрце да Дня яднання Беларусі і Расіі. Артысты пісалі, што мастацтва аб’ядноўвае лепш за любыя межы.

Дарэчы, у Расіі «Неба Sound» таксама калі-некалі выступаў. Але былі і больш дальнія гастролі. У 2024 годзе гурт даваў канцэрты ў Шанхаі — прадстаўляў Беларусь на сёмай Кітайскай міжнароднай выставе імпарту.

Гралі як старыя песні, так і трэнды з тыктоку. Рабілі каверы на песні Ганны Сялук.

Сёння ў інстаграме гурта паведамілі, што 35‑гадовы Дзмітрый Пісанік раптоўна сканаў. Як растлумачылі спявачцы Алене Ланской у каментарах, прычына смерці — тромб, які адарваўся.

Выказаць спачуванні ў каментары прыйшлі Жанэт, Герман Цітоў, Вольга Рыжыкава і іншыя. Нават нявестка Лукашэнкі Ганна Сялук напісала: «Прыміце шчырыя спачуванні. Усім родным і блізкім, сябрам. Царства нябеснае і светлая памяць Дзмітрыю».

Чытайце таксама:

Алена Ланская прызналася, што ейны бацька памёр ад каранавірусу ў разгар пандэміі

Памерла 39‑гадовая ілюстратарка, якая ў 2020 годзе стварала стыкеры ў падтрымку рэпрэсій і АМАПу

Памёр 26‑гадовы рэжысёр-пастаноўшчык, які дапамагаў арганізоўваць балі Лукашэнкі

Каментары да артыкула