БЕЛ Ł РУС

Венгрыя і Расія ў канцы мінулага года ўзгаднілі 12 пунктаў далейшага збліжэння

8.04.2026 / 16:44

Nashaniva.com

Журналісты выдання Politico атрымалі дакументы, якія сведчаць, што Венгрыя і Расія ў канцы мінулага года дамовіліся пра шырокае паглыбленне супрацоўніцтва і падпісалі план з 12 пунктаў. Раней яны, як сцвярджаецца, не публікаваліся.

Віктар Орбан і Уладзімір Пуцін, 2018 год. Фота: Mikhail Svetlov / Getty Image

Гэтае пагадненне было заключана пасля сустрэчы прадстаўнікоў дзвюх краін у Маскве ў снежні 2025 года. Венгерскі бок прадстаўляў міністр замежных спраў Петэр Сіярта, а расійскі — міністр аховы здароўя Міхаіл Мурашка. У ім прапісаныя асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння — эканоміка, гандаль, энергетыка, прамысловасць, сельская гаспадарка, ахова здароўя, адукацыя, культура і спорт.

Асаблівы акцэнт зроблены на энергетычнай сферы. Бакі абмяркоўвалі супрацоўніцтва ў галіне нафты, газу і ядзернага паліва, а таксама магчымасць запуску новых праектаў, у тым ліку ў сферы электраэнергетыкі і вадародных тэхналогій. Адной з задач названа аднаўленне гандлю, які скараціўся пасля ўвядзення санкцый Еўрасаюза супраць Расіі.

Пагадненне таксама прадугледжвае развіццё гуманітарных і адукацыйных сувязяў. Плануецца пашыраць выкладанне рускай мовы ў Венгрыі, у тым ліку з прыцягненнем выкладчыкаў з Расіі, а таксама развіваць праграмы абмену для студэнтаў і прызнанне дыпломаў. Акрамя таго, краіны хочуць узмацніць супрацоўніцтва ў спорце і нават у культурных напрамках, такіх як цыркавое мастацтва.

Гэтыя дамоўленасці выклікалі палітычную дыскусію ў самой Венгрыі, асабліва напярэдадні парламенцкіх выбараў. Кіраўніцтва краіны падкрэслівае, што дзейнічае ў нацыянальных інтарэсах і імкнецца захаваць эканамічныя сувязі. У той жа час апаненты ўлады крытыкуюць збліжэнне з Расіяй, лічачы яго небяспечным, асабліва на фоне вайны ва Украіне.

У дакументах таксама адзначаецца, што супрацоўніцтва з Расіяй нібыта не павінна супярэчыць абавязкам Венгрыі як краіны — члена Еўрапейскага саюза. Але сам факт заключэння такога пагаднення ў цяперашніх умовах сведчыць пра супрацьпастаўленне Будапешта пры кіраванні Віктара Орбана агульнай лініі палітыкі ЕС у дачыненні да Расіі, якая развязала шырокамаштабную вайну ва Украіне і пагражае еўрапейскай бяспецы. 

Чытайце таксама:

Орбан у размове з Пуціным параўнаў сябе з мышанём, што дапамагае Пуціну, льву

Інфармацыя пра справаздачы Крамлю яшчэ больш зменшыла перадвыбарчыя рэйтынгі партыі Орбана

Пуцін аддаў Венгрыі двух украінскіх палонных з венгерскім грамадзянствам. МЗС Украіны: Гэта цынічны піяр

Орбан: Я працую дзеля міру, а не дзеля Масквы

Каментары да артыкула