БЕЛ Ł РУС

У Расіі аб'явілі «экстрэмісцкай арганізацыяй» «Мемарыял»

9.04.2026 / 16:16

Nashaniva.com

Вярхоўны суд Расіі прызнаў міжнародны грамадскі рух «Мемарыял» «экстрэмісцкай арганізацыяй» і забараніў яго дзейнасць у краіне. Пасяджэнне прайшло ў закрытым рэжыме, нават адваката арганізацыі на яго не дапусцілі.

Фота: ТАСС

Паводле вызначэння суда, дзейнасць «Мемарыяла» нібыта мае антырасійскі характар, накіраваная супраць дзяржаўнасці і звязаная з распаўсюджваннем «дэструктыўнай ідэалогіі». Таксама сцвярджаецца, што ўдзельнікі руху могуць здзяйсняць экстрэмісцкія дзеянні.

Прадстаўнікі «Мемарыяла» назвалі гэтае рашэнне незаконным і палітычна матываваным. Яны падкрэслілі, што цяпер «Мемарыял» — гэта не адна арганізацыя, а сетка розных незалежных аб’яднанняў.

Раней, у 2021 годзе, улады ўжо ліквідавалі праваабарончы цэнтр і міжнароднае таварыства «Мемарыял», абвінаваціўшы іх у парушэнні законаў і скажэнні гісторыі. У 2026 годзе міжнародную асацыяцыю «Мемарыял» таксама прызналі «непажаданай».

Статус «экстрэмісцкай арганізацыі» азначае поўную забарону дзейнасці, блакіроўку матэрыялаў і сайтаў, а таксама магчымую крымінальную адказнасць для ўдзельнікаў.

Еўрапейскі саюз раскрытыкаваў гэта рашэнне, назваўшы яго ударам па грамадзянскай супольнасці. У Нобелеўскім камітэце таксама заявілі, што такое рашэнне супярэчыць базавым каштоўнасцям — свабодзе слова і чалавечай годнасці.

«Мемарыял» быў створаны ў канцы 1980‑х гадоў, у тым ліку пры ўдзеле Андрэя Сахарава, і займаўся даследаваннем палітычных рэпрэсій у СССР, а таксама праваабарончай і асветніцкай дзейнасцю. У 2022 годзе арганізацыя атрымала Нобелеўскую прэмію міру сумесна з беларускім праваабаронцам, тады палітвязнем Алесем Бяляцкім і ўкраінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод».

Чытайце таксама:

70‑гадовага сузаснавальніка расійскага «Мемарыяла» асудзілі да 2,5 года за «дыскрэдытацыю арміі»

У Маскве прыйшлі з ператрусамі да супрацоўнікаў «Мемарыяла»

Прадстаўнік «Мемарыяла» ў нобелеўскай прамове назваў вайну супраць Украіны «вар’яцкай, злачыннай і захопніцкай»

Каментары да артыкула