БЕЛ Ł РУС

У Вашынгтоне вельмі незадаволеныя дзейнасцю Льва XIV. Папскага нунцыя выклікалі ў Пентагон і чыталі лекцыю пра Авіньёнскі палон

9.04.2026 / 18:44

Nashaniva.com

Паміж адміністрацыяй Дональда Трампа і Папам Львом XIV узнік сур’ёзны канфлікт. Ён звязаны з тым, што папа адкрыта крытыкуе сучасную міжнародную палітыку, у тым ліку дзеянні ЗША, піша выданне The Free Press.

Папа Леў XIV. Фота: Stefano Costantino / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Пачалося ўсё з выступлення Льва XIV у студзені 2026 года перад дыпламатамі ў Ватыкане. У сваёй прамове ён заявіў, што ў свеце ўсё часцей пераважае палітыка сілы замест дыялогу. Папа падкрэсліў, што войны становяцца «нармальнай з’явай», а мір усё радзей успрымаецца як каштоўнасць. Ён заклікаў спыніць канфлікты — у прыватнасці ва Украіне, на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і іншых рэгіёнах. Таксама ён выступіў за павагу да правоў чалавека, у тым ліку мігрантаў і зняволеных.

Гэтыя заявы ў Вашынгтоне ўспрынялі як крытыку палітыкі Трампа, асабліва на фоне жорсткіх мер ЗША ў адносінах да мігрантаў і актыўнай знешняй палітыкі.

Пасля гэтага ў Пентагон неафіцыйна запрасілі папскага пасла ў ЗША, кардынала Крыстофа П’ера. Сустрэча не была публічнай, але пазней яе змест трапіў у прэсу. Паводле гэтых звестак, амерыканскія чыноўнікі фактычна «разабралі» ўсю прамову папы і выказалі незадаволенасць кожным крытычным выказваннем.

Паведамляецца, што прадстаўнікі Пентагона даволі цвёрда далі зразумець: ЗША маюць дастатковую вайсковую сілу, і Каталіцкая царква павінна або падтрымліваць іх, або хаця б не крытыкаваць. Таксама прагучала гістарычная паралель з так званым «Авіньёнскім палонам» у XIV стагоддзі — перыядам, калі папы непасрэдна залежалі ад французскіх уладаў. У Ватыкане гэта ўспрынялі як намёк на магчымы ціск.

Афіцыйна Пентагон сцвярджае, што размова была спакойнай і канструктыўнай, а паведамленні пра яе перабольшаныя. Аднак сам факт такой сустрэчы сведчыць пра напружанасць адносін.

Пасля гэтага кардынал П’ер пакінуў сваю пасаду. Афіцыйна — па прычыне ўзросту — яму ўжо 80 гадоў, — але гэта дзіўным чынам супала па часе з канфліктам.

Сітуацыя абвастрылася пасля новага выступлення папы — ужо на Вялікдзень. У ім ён зноў казаў пра неабходнасць міру, асуджаў гвалт і заклікаў людзей не быць абыякавымі да войнаў і пакутаў іншых.

У выніку папа адмовіўся ад запрашэння ў Белы дом на святкаванне 250‑годдзя незалежнасці ЗША, што выглядае як дыпламатычны жэст нязгоды.

Цікава, што ў самой адміністрацыі Трампа шмат каталікоў, у тым ліку віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, але гэта не дапамагло пазбегнуць канфлікту. Такім чынам, супярэчнасць закранае не толькі палітыку, але і больш шырокае пытанне — ці павінна Царква ўмешвацца ў міжнародныя справы і крытыкаваць улады, калі гаворка ідзе пра вайну, правы чалавека і маральныя каштоўнасці.

Чытайце таксама:

Трамп дазволіць Пуціну працягваць гандляваць нафтай без абмежаванняў праз адсутнасць міру з Іранам

«Больш хаосу, чым стратэгіі». Што пішуць у амерыканскіх СМІ пра спыненне агню з Іранам

«Згадайце гэты кавалак лёду!» Трамп сустрэўся з генеральным сакратаром НАТА і зноў загаварыў пра Грэнландыю

«Зло і вар’яцтва». MAGA-актывісты сталі патрабаваць адстаўкі Трампа за здраду ідэі «Амерыка перш за ўсё»

Каментары да артыкула