Беларуская спявачка раскруцілася ва Украіне. А цяпер спявае пра «любоў» Беларусі і Расіі
Менш за 10 гадоў таму магіляўчанка Ганна Трубяцкая штурмавала папулярныя ўкраінскія тэлешоу і спявала песні на ўкраінскай мове. А цяпер прэзентавала песню «Беларусь і Расія».
Ганна Трубяцкая. Фота з яе інстаграма
Рыфмы прымітыўныя:
«Дружно живём, ездим в гости, роднимся,
Когда скучаем, друг другу снимся.
Любовь — наша стихия.
Мы — Беларусь и Россия».
Пра шалёны поспех песні казаць не даводзіцца: у інстаграме, дзе Ганна мае больш за 27 тысяч лаяльных падпісчыкаў, за 8 гадзін відэа з прыпевам набрала 210 лайкаў і 18 каментароў, частку з якіх пакінулі ж калегі па сцэне.
У Threads рэакцыя старонніх людзей была яшчэ горшай: 35 лайкаў і 150 каментароў, большасць з якіх вельмі негатыўныя. Напрыклад, каментар «Інтэрнэт — не памыйка, навошта тут гэта?» набраў 270 лайкаў. У адказ Ганна паспрабавала нахаміць: «Калі інтэрнэт не памыйка, дык што тут робіце вы?» — але ж і ў гэтым выпадку масавай падтрымкі не атрымала.
Астатнія каментары карыстальнікаў сацсеткі прыблізна такія самыя. Больш добрыя людзі спрабуюць жартаваць і пытаюцца, ці не прайграла камусьці артыстка жаданне, раз прыйшлося запісаць такую песню. Менш карэктныя проста кідаюць малюнкі, дзе кагосьці ванітуе.
Сама Ганна Трубяцкая нарадзілася ў Магілёве. У інтэрв'ю распавядала, што сям'я яе была музычнай — а бацька дырыжыраваў вайсковым аркестрам.
З марай трапіць у тэлевізар Ганна ў 2017 годзе паехала ў Кіеў — удзельнічала ў 8 сезоне папулярнага шоу «X-Фактар». І даволі паспяхова — беларуска трапіла ў каманду Насці Каменскіх і дайшла да фіналу.
У 2020 годзе Трубяцкая засвяцілася на ўкраінскім «Голасе краіны» — яе абрала ў сваю каманду Ціна Караль. І той выступ сапраўды стаў для Ганны зорным: яе конкурсную песню толькі за першыя 5 дзён праглядзела больш за мільён чалавек. У фінале праграмы яна прадставіла на суд гледачоў уласную версію песні «Без бою» ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы», але ў суперфінал не прайшла.
Пасля такога поспеху спявачка пачала збіраць лаўры і на радзіме. У 2022 годзе Ганна прадстаўляла Беларусь на «Славянскім базары» і атрымала там гран-пры.
Хутка зразумела правіла гульні ў дыктатуры: у 2024 годзе дзяўчына прысвяціла песню Лукашэнку, дзе быў нават намёк на падзеі 2020. Зараз яе актыўна задзейнічаюць у прапагадысцкіх мерапрыемствах Беларусі і Расіі.
Чытайце таксама:
Праўладная спявачка праспявала на хакейным матчы «Белоруссія» — і атрымала заслужаную тону хейту
Беларускі спявак, які хацеў «замуж за Бузаву», прысвяціў песню Лукашэнку і Пуціну
Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку