БЕЛ Ł РУС

У Антарктыцы навукоўцы знайшлі новы востраў. Раней думалі, што гэта айсберг

10.04.2026 / 23:30

Nashaniva.com

Адкрыццё палярная экспедыцыя нямецкага Інстытута Альфрэда Вегенера зрабіла ў моры Уэдэла, у раёне, дзе вельмі шмат ледзяных глыбаў. Таму на спадарожнікавых здымках аб’ект не вылучаўся і выглядаў як чарговы айсберг. 

Фота: Alfred Wegener Institute / Simon Dreutter

Нават калі даследчыкі наблізіліся да яго на караблі, спачатку яны таксама падумалі, што гэта лёд. Аднак пазней заўважылі адрозненне: ён меў больш шэры колер і выглядаў нібы пакрыты глеем або брудам, у адрозненне ад чыста белых айсбергаў.

Пасля больш уважлівага агляду стала зразумела, што гэта сапраўдны востраў. Ён пакуль не атрымаў назвы і будзе афіцыйна нанесены на геаграфічныя карты пасля завяршэння даследаванняў.

Фота: Alfred Wegener Institute / Simon Dreutter

Востраў вельмі малы: яго плошча каля 6200 квадратных метраў, гэта менш за некалькі гарадскіх будынкаў. Па форме ён выцягнуты — прыкладна 130 метраў у даўжыню і каля 50 метраў у шырыню. Найвышэйшы пункт узвышаецца прыкладна на 16 метраў над узроўнем мора.

Палярная экспедыцыя складалася з 93 навукоўцаў з розных краін. Яны займаліся вывучэннем дна мора і руху лёду, у тым ліку шэльфавага ледавіка Ларсэна. Даследчыкі таксама выкарыстоўвалі дроны, каб зверху сфатаграфаваць і замацаваць дакладнае размяшчэнне новага аб’екта.

Навукоўцы адзначаюць, што адкрыццё адбылося падчас работ у раёне, які лічыўся дрэнна вывучаным і патэнцыйна небяспечным для навігацыі.

Чытайце таксама:

Антарктыда мае «гравітацыйную дзірку». Што гэта такое і ці нясе пагрозу планеце?

У ледавіку каля Антарктыды знайшлі цела навукоўца, які загінуў у 1959 годзе

Адзін з самых стабільных ледавікоў свету пачаў раставаць з рэкорднай хуткасцю

Чаму цямнее Сусветны акіян і чым гэта пагражае

Каментары да артыкула