Імператарскага пінгвіна і антарктычнага марскога коціка прызналі відамі пад пагрозай знікнення
Імператарскі пінгвін і антарктычны марскі коцік перакласіфікаваныя ў катэгорыю «знаходзяцца пад пагрозай знікнення» у Чырвоным спісе відаў Міжнароднага саюза аховы прыроды (МСАП). Галоўныя прычыны — памяншэнне плошчы марскога лёду і пацяпленне акіянаў, выкліканыя змяненнем клімату, піша Euronews.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Змена клімату ў Антарктыдзе прыводзіць да такіх трансфармацый марскога лёду, якія, згодна з прагнозамі, скароцяць колькасць імператарскіх пінгвінаў напалову да 2080‑х гадоў. У той жа час памяншэнне даступнасці кармавой базы ўжо прывяло да 50‑працэнтнага зніжэння колькасці антарктычных марскіх коцікаў з 2000 года.
«Па меры таго як краіны рыхтуюцца сабрацца ў маі на Кансультатыўную нараду па Антарктычнай дамове, гэтыя ацэнкі даюць ключавыя даныя для прыняцця рашэнняў у дачыненні да гэтага велічнага кантынента і яго дзіўнага жывёльнага свету, — кажа доктар Грэтэль Агілар, генеральны дырэктар МСАП. — Роля Антарктыкі як «ледзянога вартавога» нашай планеты незаменная: яна прыносіць чалавецтву незлічоныя выгады, стабілізуе клімат і служыць прытулкам для ўнікальнай фаўны».
З-за змянення клімату ўзрастае рызыка гібелі птушанят пінгвінаў ад утаплення
Імператарскі пінгвін у Чырвоным спісе МСАП пераведзены з катэгорыі «блізкі да ўразлівага становішча» ў катэгорыю «знаходзіцца пад пагрозай знікнення» на падставе прагнозаў, згодна з якімі яго папуляцыя скароціцца напалову да 2080‑х гадоў.
Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што толькі ў перыяд з 2009 па 2018 год колькасць віду скарацілася прыкладна на 10 працэнтаў, што адпавядае больш чым 20 тысячам дарослых пінгвінаў. Паводле звестак МСАП, галоўная прычына — заўчасны распад і таянне марскога лёду, плошча якога з 2016 года апускаецца да рэкордна нізкіх значэнняў.
Імператарскім пінгвінам неабходны прыпайны лёд — марскі лёд, «прымацаваны» да берагавой лініі, дна акіяна або айсбергаў, якія селі на мель. Ён служыць месцам жыцця для іх птушанят і падчас лінькі, калі птушкі губляюць воданепранікальнасць апярэння. Калі лёд разбураецца занадта рана, гэта можа стаць прычынай гібелі птушак.
Мадэляванне папуляцыі паказвае: без рэзкага і глыбокага скарачэння выкідаў парніковых газаў колькасць імператарскіх пінгвінаў будзе імкліва падаць на працягу цяперашняга стагоддзя.
«Перавод імператарскага пінгвіна ў катэгорыю відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, — гэта сур’ёзнае папярэджанне: змяненне клімату паскарае крызіс вымірання ў нас на вачах. Урадам трэба дзейнічаць ужо зараз, каб у тэрміновым парадку дэкарбанізаваць нашы эканомікі», — заяўляе Марцін Харпер, выканаўчы дырэктар BirdLife International.
Рост тэмпературы акіяна скарачае кармавую базу антарктычных марскіх коцікаў
Антарктычны марскі коцік у Чырвоным спісе МСАП пераведзены з катэгорыі «выклікае найменшыя асцярогі» ў катэгорыю «знаходзіцца пад пагрозай знікнення». Яго папуляцыя скарацілася больш чым на 50 працэнтаў: з прыблізных 2 187 000 полаваспелых жывёл у 1999 годзе да 944 000 у 2025-м.
Паводле звестак МСАП, скарачэнне колькасці звязана з ростам тэмпературы акіяна і памяншэннем плошчы марскога лёду. Гэта прымушае крыль сыходзіць на вялікія глыбіні ў пошуках больш халоднай вады, што пазбаўляе коцікаў ежы. Недахоп пажывы каля берагоў Паўднёвай Георгіі прывёў да рэзкага зніжэння выжывальнасці дзіцянят, з-за чаго папуляцыя імкліва старэе.
Птушыны грып пагражае марскім сланам
Паўднёвы марскі слон таксама перакласіфікаваны: у Чырвоным спісе МСАП ён пераведзены з катэгорыі «выклікае найменшыя асцярогі» ў катэгорыю «ўразлівы» пасля ўспышак высокапатагеннага птушынага грыпу (ВППГ).
З 2020 года вірус перакінуўся на сысуноў. Захворванне закранула чатыры з пяці буйных субпапуляцый. У некаторых калоніях яно забрала жыцці больш чым 90 працэнтаў нованароджаных дзіцянят і сур’ёзна адбілася на дарослых самках.
Расце занепакоенасць тым, што па меры глабальнага пацяплення смяротнасць марскіх сысуноў ад захворванняў будзе павялічвацца, асабліва ў палярных рэгіёнах, дзе жывёлы раней амаль не сутыкаліся з такімі патагенамі.
Чытайце таксама:
У Антарктыцы навукоўцы знайшлі новы востраў. Раней думалі, што гэта айсберг
Антарктыда мае «гравітацыйную дзірку». Што гэта такое і ці нясе пагрозу планеце?
Адзін з самых стабільных ледавікоў свету пачаў раставаць з рэкорднай хуткасцю
У ледавіку каля Антарктыды знайшлі цела навукоўца, які загінуў у 1959 годзе
Украінскія палярнікі зрабілі незвычайнае ФОТА цюленя, які адпачывае на крызе