Вы не чулі пра яго, а ён вызначае кірункі новай, часта нечаканай замежнай палітыкі ЗША
Эндзі Бэйкер — намеснік памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы і роднасная душа віцэ-прэзідэнта Вэнса. Ён вызначае і новую стратэгію Вашынгтона ў дачыненні да Беларусі.
Міністр абароны ЗША Піт Хегсет (другі злева) размаўляе з дарадцам па нацыянальнай бяспецы Эндзі Бэйкерам (справа) у Сітуацыйным пакоі Белага дома. Побач — прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Лівіт, дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф і юрыдычны дарадца Дэвід Уорынгтан. Вашынгтон, 21 чэрвеня 2025 года. Фота: Daniel Torok / The White House via Getty Images
Эндзі Бэйкер доўгі час заставаўся амаль незаўважнай фігурай у амерыканскай палітыцы. Шырокая публіка ўпершыню пачула яго імя выпадкова — у сакавіку, калі віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс назваў яго сваёй ключавой асобай у адміністрацыі падчас скандальнай уцечкі з групавога чата, прысвечанага ўдарам па хусітах у Емене.
Аднак, як піша выданне Politico, журналісты якога паразмаўлялі з тузінам чалавек, у тым ліку з супрацоўнікамі Белага дома, высокапастаўленымі еўрапейскімі чыноўнікамі і экспертамі аналітычных цэнтраў, гэтая згадка толькі падкрэсліла парадокс: нягледзячы на амаль поўную адсутнасць публічнасці, Бэйкер стаў адной з цэнтральных постацяў у фарміраванні замежнай палітыкі ЗША.
Менавіта праз яго праходзіць значная частка ідэй, якія вызначаюць як пазіцыю віцэ-прэзідэнта, так і шэраг найбольш рэзанансных рашэнняў адміністрацыі — у тым ліку жорсткі і ўсё больш канфрантацыйны курс у дачыненні да еўрапейскіх саюзнікаў.
Бэйкер непасрэдна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы гучнай прамовы Вэнса на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў лютым 2025 года. У гэтым выступе еўрапейскіх лідараў рэзка крытыкавалі. Галоўная думка заключалася ў тым, што Еўропа сама адступае ад базавых каштоўнасцяў заходняга свету, і менавіта гэта, а не вонкавыя пагрозы, падрывае трансатлантычны саюз.
Тыя ж тэзісы прасочваюцца і ў новай Стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША, у падрыхтоўцы якой Бэйкер таксама адыграў значную ролю. У дакуменце падкрэсліваецца, што аслабленне «цывілізацыйнай упэўненасці» Еўропы і яе заходняй ідэнтычнасці з’яўляецца ключавым выклікам бяспецы. Адначасова там вітаецца рост «патрыятычных» нацыяналістычных сіл на кантыненце і крытыкуецца логіка «бесперапыннага пашырэння» НАТА.
Цяперашняя амерыканская адміністрацыя выступае супраць далейшага пашырэння НАТА.
Такі падыход звязаны з ідэалагічнай пазіцыяй, якую сам Бэйкер называе «рэалізмам», а яго апаненты — ізаляцыянізмам новага тыпу. Ён належыць да таго крыла рэспубліканцаў, якое скептычна ставіцца да замежных ваенных інтэрвенцый і лічыць, што ЗША павінны дзейнічаць, зыходзячы выключна з інтарэсаў уласнай бяспекі ці ўзбагачэння, а не з абстрактных ідэалаў свабоды і дэмакратыі.
У гэтай логіцы любыя альянсы і міжнародныя абавязацельствы павінны пераглядацца, калі яны не прыносяць прамой і відавочнай выгоды Амерыцы. Еўрапейскія дыпламаты ўсё часцей успрымаюць гэты курс як доўгатэрміновы зрух, а не як часовую асаблівасць адміністрацыі Трампа.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа выступае падчас другога прэс-брыфінгу ў місіі ЗША ў Жэневе, Швейцарыя, 23 лістапада 2025 года. На заднім плане каля дзвярэй стаіць намеснік памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Эндзі Бэйкер. Фота: Muhammet Ikbal Arslan / Anadolu via Getty Images
Хлопец з рабочага раёна
Біяграфія Бэйкера шмат у чым тлумачыць ягоныя погляды. Ён вырас у рабочай сям’і ў раёне Норт-Бэй у Сан-Францыска — пралетарскім раёне, дзе быў традыцыйны моцны рабочы рух. Атрымаўшы ступень бакалаўра гісторыі ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі, Бэйкер працягнуў навучанне ў Оксфардзе, дзе ў 2007 годзе атрымаў навуковую ступень і пяць гадоў працаваў выкладчыкам.
Яго дысертацыя, якая пазней выйшла кнігай, была прысвечаная стварэнню міжнароднага парадку пасля Другой сусветнай вайны. У ёй аўтар падкрэсліваў, што стабільнасць гэтай сістэмы трымалася на агульных уяўленнях пра суверэнітэт і прымяненне сілы — і менавіта страта гэтых прынцыпаў, на яго думку, сёння разбурае заходнюю еднасць.
У 2010 годзе Бэйкер перайшоў на працы ў Дзярждэпартамент і пачаў кар'еру кадравага дыпламата. За 13 гадоў службы ён прайшоў праз камандзіроўкі ў Афганістан і працу ў штаб-кватэры НАТА ў Бруселі. Менавіта гэты досвед сфармаваў у ім глыбокі скепсіс адносна амерыканскай замежнай палітыкі. Ён прыйшоў да высновы, што яна служыць інтарэсам эліт і не прыносіць карысці звычайным грамадзянам, асабліва прадстаўнікам рабочага класа, з якога ён сам паходзіць.
Ключавы дарадца ў адміністрацыі Трампа
У 2023 годзе Бэйкер пакінуў дзяржслужбу і пачаў шукаць палітычнага саюзніка, які падзяляў бы яго бачанне. Такім чалавекам стаў Джэй Дзі Вэнс. Іх аб’яднала не толькі падобнае паходжанне, але і перакананне, што амерыканская моц толькі марнуецца за мяжой.
Пасля перамогі Трампа Бэйкер атрымаў магчымасць рэалізаваць свае ідэі на практыцы. Асабліва гэта праявілася ў падыходзе да вайны ва Украіне.
Бэйкер, які свабодна валодае рускай мовай (а таксама балгарскай і персідскай), удзельнічаў у распрацоўцы асноўных параметраў новага курсу амерыканскай адміністрацыі, уключаючы эканамічныя аспекты, такія як пагадненне аб здабычы карысных выкапняў ва Украіне.
Па словах крыніц, яго пазіцыя не з’яўляецца антыўкраінскай — хутчэй, ён імкнецца не нагружаць ЗША забавязаннямі, якія не падаюцца яму жыццёва важнымі. Адначасова такі падыход выклікае занепакоенасць у Еўропе: еўрапейцы мяркуюць, што Бэйкер пераацэньвае сілу Расіі і недаацэньвае яе слабасці.
Пра ўплыў Бэйкера сведчаць канкрэтныя факты: ён прысутнічаў у Сітуацыйным пакоі ў чэрвені 2025 года, калі Трамп назіраў за бамбаваннем іранскіх ядзерных аб’ектаў. Ён таксама ўдзельнічаў у планаванні кампаніі супраць хусітаў і рэакцыі ЗША на напружанасць паміж Індыяй і Пакістанам.
Вясной, падчас маштабных перастановак у Радзе нацыянальнай бяспекі (РНБ), Бэйкер заняў пасаду намесніка памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы. Там ён шчыльна працуе з дзяржаўным сакратаром Марка Рубіа, які адначасова ўзначальвае РНБ, і іншым намеснікам, Робертам Гэбрыэлам-малодшым. Рубіа назваў Бэйкера «каштоўным членам каманды», чый унёсак адыграў ключавую ролю ў прасоўванні парадку дня «Амерыка перш за ўсё».
«Ідэі, якія знаходзяць водгук»
Людзі, знаёмыя з Бэйкерам, адзначаюць, што ён хутчэй нагадвае навукоўца, чым практычнага палітыка. «Ён не палітычная жывёла. Ён вельмі асцярожны — ён стратэг», — кажа адна з крыніц.
Нягледзячы на гэта, уплыў Бэйкера працягвае расці. Ён уваходзіць у групу мысляроў новай хвалі ў Рэспубліканскай партыі разам з такімі фігурамі, як намеснік міністра абароны Элбрыдж Колбі, якія выступаюць за пераарыентацыю амерыканскай палітыкі — у тым ліку на супрацьстаянне Кітаю і скарачэнне прысутнасці ў Еўропе. Унутры адміністрацыі гэтае крыло канкуруе з больш традыцыйнымі «ястрабамі», але сама гэтая барацьба ідэй ужо сведчыць пра глыбокія змены ў амерыканскім палітычным дыскурсе.
З улікам таго, што Вэнс разглядаецца як адзін з галоўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта ў 2028 годзе, роля Бэйкера, хутчэй за ўсё, будзе толькі ўзрастаць. Многія ў Вашынгтоне лічаць, што ён застанецца ўплывовай фігурай незалежна ад таго, хто ўзначаліць Рэспубліканскую партыю ў будучыні. Таму для разумення таго, якой можа стаць замежная палітыка ЗША ў найбліжэйшыя гады, варта ўважліва сачыць менавіта за ім.