МАРГ абурыўся, што ў Расіі прадаецца «Батькин резерв»
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі звярнулася да Федэральнай антыманапольнай службы Расіі з просьбай абараніць беларускіх вытворцаў і спажыўцоў ад выпадкаў няправільнага маркіравання тавараў на расійскім рынку.
Гаворка ідзе пра сітуацыі, калі на тэрыторыі Расіі прадаюцца тавары, якія выдаюцца за беларускія, хоць фактычна такімі не з’яўляюцца. У некаторых выпадках, паводле звестак ведамства, прадукцыя можа быць выраблена ў самой Расіі або нават у Кітаі, але прадаецца пад выглядам «беларускай».
Пры гэтым выкарыстоўваюцца элементы, якія ствараюць уражанне беларускага паходжання: выявы чырвона-зялёнага сцяга, надпісы накшталт «Зроблена ў Беларусі» або «Беларускія тавары», а таксама недакладная інфармацыя пра краіну вытворчасці.
Асобна адзначаецца, што падчас аналізу расійскіх інтэрнэт-пляцовак, такіх як Wildberries і Ozon, было выяўлена больш за 25 пазіцый падобнай прадукцыі. Сярод іх згадваюцца тавары пад брэндам «Батькин резерв» і іншыя найменні, якія могуць ствараць ілюзію беларускага паходжання.
МАРГ лічыць, што такія практыкі могуць шкодзіць як рэпутацыі беларускіх вытворцаў, так і ўводзіць у зман спажыўцоў, таму просіць расійскі антыманапольны орган прыняць адпаведныя меры.
Чытайце таксама:
МАРГ знайшло парушэнне ў працы Беларусбанка ў сферы эквайрынгу