Іран заявіў пра гатоўнасць абмяркоўваць з ЗША ступень узбагачэння ўрану
Іран заявіў, што гатовы да перамоў з ЗША па ключавых пытаннях — у тым ліку адносна ўзроўню ўзбагачэння ўрану і бяспечнага суднаходства ў Армузскім праліве, паведамляе The Moscow Times.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Majid Saeedi/Getty Images
Прадстаўнік іранскага МЗС Эсмаіл Багаі адзначыў, што тэма ўзбагачэння ўрану не новая: Тэгеран і раней заяўляў пра гатоўнасць абмяркоўваць як сам працэс, так і яго маштабы. Аднак Іран настойвае, што мае права развіваць ядзерную праграму ў адпаведнасці са сваімі патрэбамі.
Акрамя гэтага, Іран можа разгледзець магчымасць бяспечнага праходу цывільных суднаў праз частку Армузскага праліва, якая прымыкае да Аману. Гэта магчыма пры ўмове, што ЗША пагодзяцца на пэўныя патрабаванні Тэгерана і будзе дасягнута дамоўленасць, якая выключыць новыя атакі супраць Ірана. Пры гэтым пакуль незразумела, ці будзе забяспечаны праход для ўсіх суднаў без выключэння і ці будуць знятыя магчымыя мінныя загароды.
Каб паспець дамовіцца, бакі абмяркоўваюць падаўжэнне дзейнага перамір’я яшчэ на два тыдні. Цяпер яно павінна скончыцца 21 красавіка. Перамовы працягваюцца, і, паводле інфармацыі крыніц, ужо ёсць пэўны прагрэс — бакі наблізіліся да папярэдняга пагаднення аб спыненні вайны.
Тым не менш, канчатковае пагадненне пакуль не гарантаванае, бо паміж Іранам і ЗША застаюцца сур’ёзныя рознагалоссі. Чакаецца, што новы раўнд перамоў можа адбыцца ў найбліжэйшыя дні, але дакладная дата яшчэ не вызначаная.
Чытайце таксама:
У Дубаі пасля іранскіх удараў закрываюць на рэканструкцыю знакаміты «гатэль-ветразь»
Першы кітайскі танкер, які спрабаваў прарваць блакаду Армузскага праліва, вярнулі назад
Кітай мог перадаць Ірану свой спадарожнік для навядзення ўдараў па амерыканскіх аб'ектах